Святы Пасад пра адказнасць перад тымі, хто прыйдзе пасля нас
Арцыбіскуп Іван Юркавіч прыняў удзел у пасяджэнні Савета па правах чалавека на тэму бяспечнага, чыстага, здаровага і ўстойлівага навакольнага асяроддзя. Яно прайшло 4 сакавіка 2019 г. у Жэневе.
Іерарх нагадаў, што, паводле ацэнак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, ва ўсім свеце каля 4,2 мільёна заўчасных смерцяў звязаныя з забруджваннем навакольнага асяроддзя.
Ватыканскі дыпламат заўважыў, што змяненне клімату і забруджванне паветра цесна звязаныя паміж сабой, паколькі выкіды забруджвальных рэчываў у атмасферу ўзнікаюць у асноўным ад выкарыстання чалавецтвам выкапняў і біямасы ў якасці паліва.
“Паколькі выжыванне чалавечай сям’і залежыць ад біяразнастайнасці, мы не можам працягваць глядзець на прыроду як на нешта адасобленае. Навуковыя дадзеныя, якія ёсць у нашым распараджэнні, выразна паказваюць на надзённую неабходнасць аператыўных дзеянняў, у кантэксце этыкі, справядлівасці, адказнасці і сацыяльнай справядлівасці”, - звярнуў увагу арцыбіскуп Юркавіч.
Іерарх нагадаў, што менавіта беднасць прымушае людзей звяртацца да забруджвальных крыніц энергіі для задавальнення сваіх асноўных патрэб, таму экалагічны падыход заўсёды ўключае ў сябе падыход сацыяльны.
Дрэнная якасць паветра з’яўляецца фактарам шырокага спектру пабочных эфектаў, якія ўплываюць на людзей на працягу ўсяго іх жыцця. Таму Святы Пасад лічыць неабходным перайсці ад рашэнняў і ўрачыстых абавязацельстваў да дзеяння, падкрэсліў ватыканскі дыпламат. Ён нагадаў заклік Францішка, задумацца аб нашай адказнасці перад тымі, хто прыйдзе пасля нас.