Дзяржсакратар: рэлігійная свабода знаходзіцца пад пагрозай
Кардынал Пьетра Паралін падзяліўся сваёй занепакоенасцю ў выступе на сімпозіуме, арганізаваным пасольствам ЗША пры Святым Пасадзе. Краіна арганізавала ў ліпені 2018 г. у Вашынгтоне глабальны саміт на ўзроўні міністраў, прысвечаны рэлігійнаму пераследу, і ініцыявала адмысловую інфармацыйную кампанію “Stand Together”.
Кіраўнік ватыканскай дыпламатыі падчас выступлення не хаваў, таго, што рэлігійная свабода сёння знаходзіцца ў небяспецы. Ён патлумачыў, што выбар веры ўплывае на кожны ўзровень жыцця, і, у прыватнасці, на палітычную і грамадскую сферы.
Факты парушэння рэлігійнай свабоды з’яўляюцца пастаяннымі, і часта застаюцца беспакаранымі. Кардынал Паралін папрасіў СМІ імкнуцца падкрэсліваць той факт, што пад пагрозай знаходзіцца агульнае дабро чалавечай сям’і, а дзяржаўныя інстытуты – працаваць разам на карысць стварэння грамадска-палітычнага асяроддзя, дзе паважаюць свабоду сумлення чалавека і яго перакананні, асабліва калі яго рэлігійная група знаходзіцца ў меншасці.
Дзяржсакратар адзначыў, што права на свабоду веры мае антрапалагічныя асновы і заснавана на трансцэндэнтнай прыродзе чалавека. Яго захаванне з’яўляецца лакмусавай паперкай павагі да ўсіх іншых правоў. Менавіта таму рэлігійная свабода павінна разглядацца як фундаментальнае права, якое адлюстроўвае высокую чалавечую годнасць і здольнасць шукаць ісціну.
Іерарх звярнуў увагу на праблему глабалізаванага свету, дзе ў імя ілжывай канцэпцыі талерантнасці пераследуюць тых, хто хоча абараніць сваю веру: хрысціяне разглядаюцца як грамадзяне другога гатунку, а так званыя “новыя правы чалавека”, як правіла, стаяць у поўнай супярэчнасці з сужэнствам і недатыкальнасцю жыцця.
Кардынал Дзяржсакратар пацвердзіў поўную прыхільнасць Апостальскай Сталіцы прасоўванню рэлігійнай свабоды. Ён спаслаўся на Дэкларацыю аб чалавечым братэрстве, падпісанаю ў Абу-Дабі Пантыфікам і Вялікім імамам Аль-Азхар, дзе, сярод іншага, падкрэсліваецца важнасць абуджэння рэлігійнай свядомасці ў свеце, што дапаможа супрацьстаяць сляпому радыкалізму і экстрэмізму.