Міжнародная тэалагічная камісія: дакумент пра рэлігійную свабоду
“Рэлігійная свабода на карысць усіх. Тэалагічны падыход да сучасных выклікаў”, - так гучыць тэма аналізу. Нагодай да яго стварэння, як патлумачылі аўтары, паслужыла аднаўленне “пануючай ролі рэлігійных і нацыянальных традыцый у блізкаўсходнім і азіяцкім рэгіёнах”, што прыкметным чынам змяніла ўспрыманне рэлігійна-грамадскіх адносін у параўнанні з тым перыядам, калі была прынята саборная дэкларацыя Dignitatis Humanae.
Адным з галоўных выклікаў сучаснасці з'яўляецца рэлігійны радыкалізм, які сёння называецца фундаменталізмам, гаворыцца ва ўступнай частцы дакумента. Фундаменталізм – гэта не проста вяртанне да захавання абрадаў, але, хутчэй, “спецыфічная рэакцыя на ліберальную канцэпцыю сучаснай дзяржавы”.
Хрысціянскае разуменне рэлігійнай свабоды перш за ўсё мае на ўвазе свабоду асобы ў яе індывідуальным вымярэнні, а затым і свабоду ў яе вымярэнні супольнасным. Гэтыя два аспекты неаддзельныя адзін ад аднаго. Менавіта свабода індывіда з’яўляецца падставай яго неад’емнай годнасці.
Далей у дакуменце разглядаецца рэлігійная свабода ў палітычным кантэксце. Адзначаецца супярэчлівасць ідэалогіі, якая абвясціла рэлігійную, этычную і каштоўнасную нейтральнасць дзяржавы. Абсалютная этыка-рэлігійнае абыякавасць дзяржавы “аслабляе грамадзянскую супольнасць у дачыненні да распазнавання, неабходнага для ажыццяўлення сапраўды ліберальнага і дэмакратычнага права, здольнага эфектыўна ўлічваць супольнасныя формы, якія выяўляюць сацыяльныя сувязі на карысць агульнага дабра”, - гаворыцца ў дакуменце Міжнароднай тэалагічнай камісіі.
Аўтары нагадваюць пра вопыт таталітарызмаў, якія ў ХХ стагоддзі знішчалі індывідаў у імя сілы дзяржавы, што разглядала людзей у якасці функцый і інструментаў для рэалізацыі сваіх мэт. Гэта памяць займае цэнтральнае месца ў сучасным развіцці і абароне недатыкальных правоў асобнага індывіда. У гэтым кантэксце права на рэлігійную свабоду ўяўляецца адным з асноватворных правоў кожнага чалавека.
Як “тэакратыя”, так і “атэізм” на ўзроўні дзяржавы навязваюць ідэалогію “замены Божай улады ўладай дзяржавы, фарміруючы адпаведна скажэнне рэлігіі або ненармальнасць палітыкі”, адзначаецца ў дакуменце.
Разам з тым не ўсе магчымыя формы рэлігійнага досведу раўнацэнныя: “На палітычную ўладу, захавальніцу грамадскага парадку, ускладзены абавязак абараняць грамадзян, асабліва найбольш уразлівых, ад сектанцкіх плыняў з некаторымі рэлігійнымі амбіцыямі, што ўжываюць псіхалагічную і афектыўную маніпуляцыю, выкарыстоўваюць у эканамічных і палітычных мэтах, адзначаюцца ізаляцыянізмам і г.д.
Дакумент прыводзіць у прыклад два тыпы парушэнняў рэлігійнай свабоды: першы – гэта адсутнасць ці значнае абмежаванне юрыдычнай свабоды рэлігіі, другі – характэрны для “краін з дыктатурай, дзе пераважае атэізм”, а таксама для некаторых краін, якія называюць сябе дэмакратычнымі, дзе рэлігійныя супольнасці пераследуюцца, а вернікі падвяргаюцца дыскрымінацыі, напрыклад, сацыяльнай або працоўнай. У такіх краінах, - тлумачыцца ў тэксце - некаторыя рэлігійныя групы падвяргаюцца абмежаванням, якія абцяжарваюць іх сацыяльную дзейнасць у галіне аховы здароўя, адукацыі і г.д.
“Сапраўдная свабода рэлігіі, - сцвярджаецца ў дакуменце, - магчымая толькі пры ўмове, што яна можа выяўляць сябе актыўным чынам”.