Кардынал: мірнае пагадненне ў ЦАР вісіць на валаску
Касцёл актыўна ўдзельнічае ў нацыянальным дыялогу і садзейнічае будаванню справядлівасці. Мірнае пагадненне ў лютым 2019 г. было падпісана ў Хартуме кіраўнікамі ўсіх паўстанцкіх груп, якія ўсё яшчэ кантралююць большасць тэрыторый афрыканскай краіны. На жаль, пасля гэтага былі новыя забойствы, і абвешчанае раззбраенне засталося толькі на паперы.
У гэтай усё больш і больш тупіковай сітуацыі арцыбіскуп Бангі разам з лідарамі пратэстанцкай і мусульманскай супольнасцей пачаў чарговую мірную ініцыятыву. “Нашай радзіме пагражае адзін з самых сур’ёзных гуманітарных крызісаў за ўсю гісторыю. Не можа быць адыходу ад шляху ўмацавання міру”, - падкрэсліў кардынал Дыёдонэ Нзапалаінга. Ён заклікаў усіх людзей добрай волі спрыяць прымірэнню і шукаць шляхі ўзаемаразумення.
Іерарх нагадаў, што Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка змучана чарговым шасцігадовым крывавым канфліктам. “Людзям ужо надакучыла. Яны мараць аб нармальным, бяспечным жыцці. Таму мы не можам зараз адмовіцца і пакінуць шлях прымірэння”, - адзначыў арцыбіскуп Бангі. Ён нагадаў, што ў краіне Касцёл адыгрывае ключавую ролю ў мірным урэгуляванні і з пачатку канфлікту з’яўляецца голасам тых, хто не мае голасу. У той жа час ён адзначыў, што не кожны ў Рэспубліцы клапоціцца пра мір. Міжнародныя карпарацыі карыстаюцца дэстабілізацыяй і могуць беспакарана рабаваць багацце краіны, пра што маўчаць карумпаваныя ўлады.
У 2015 г, наведваючы лагер бежанцаў у Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, Францішак сказаў: “Нам трэба будзе прыкласці шмат намаганняў, шмат маліцца і шмат працаваць для таго, каб усталяваўся мір. Але мір немагчымы без любові, без узаемнай цярпімасці, без прабачэння. І кожны з нас павінен зрабіць нешта ў гэтым кірунку. Я жадаю вам, як і ўсім грамадзянам Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі, міру, вялікага і сапраўднага міру сярод вас! Каб усе вы маглі жыць адзін з адным у міры незалежна ад вашага этнічнага паходжання, вашай культурнай традыцыі, вызнаванай рэлігіі, сацыяльнага статусу. Бо ўсе вы – браты! (…) І менавіта таму, што ўсе мы – браты, мы хочам міру”.
Таксама падчас сустрэчы з мусульманскай супольнасцю ЦАР Папа нагадаў, што “хрысціяне і мусульмане – браты паміж сабой”. “Мы пакліканы заставацца адзінымі, каб спынілася ўсякае дзеянне з таго ці іншага боку, якое абязвечвае Божае Аблічча і ў канчатковым выніку мае на мэце абарону ўласных інтарэсаў любой цаной на шкоду агульнага дабра. Давайце скажам разам “не” нянавісці, “не” помсце, “не” насіллю, асабліва таму, якое здзяйсняецца ў імя рэлігіі або Бога. Бог ёсць мір, Бог – салам”, - сказаў у лістападзе 2015 г. Францішак падчас свайго візіту ў Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку.