Нафтавая платформа ў акіяне. Ілюстрацыйнае фота Нафтавая платформа ў акіяне. Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: знайсці баланс у выкарыстанні рэсурсаў акіянаў

Неабходна знайсці раўнавагу паміж захаваннем і выкарыстаннем рэсурсаў акіянаў, заўважыў Пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры ААН на XXV Сесіі Рады Міжнароднага органа па марскім дне.

Форум праходзіў 16-27 ліпеня 2019 г. у штаб-кватэры арганізацыі ў Кінгстане, на Ямайцы. У сваім звароце арцыбіскуп Бернардзіта Ауса падкрэсліў, што клопат і адказныя адносіны да акіянаў павінны ўзяць іх верх над эксплуатацыяй іх рэсурсаў.

Наша планета, а значыць таксама і акіяны, з’яўляюцца “дарам, які быў даручаны” і “супольнай спадчынай чалавецтва”, таму ў іх выкарыстанні трэба прытрымлівацца этычных прынцыпаў, сказаў прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі.

Падыход, накіраваны выключна на гарантаванне “правоў і эканамічнай выгады”, без накладання адмысловых абавязкаў, “не дазволіць дасягнуць ні ўстойлівасці, ні захавання нашых акіянаў і марскіх рэсурсаў”, а ў выніку “не дазволіць атрымліваць эканамічны прыбытак у працяглай перспектыве”.

Паводле прадстаўніка Апостальскай Сталіцы пры ААН, у сучасным кантэксце неабходна знайсці “збалансаваны падыход” паміж “эканамічнай выгадай, якую імкнемся атрымаць ад акіянічных рэсурсаў” і “захаваннем і ўстойлівасцю нашых акіянаў”.

“[У той час як эканамічныя выгады спрыяюць стварэнню дабрабыту краін і іх насельніцтву, даючы ежу, жыллё і сродкі да існавання, абавязкі па захаванні здароўя акіянаў не павінны проста станавіцца справай другаснай важнасці]”

, - падкрэсліў дыпламат.

Любое выкарыстанне марскіх рэсурсаў павінна лічыцца з дадзенымі навуковых даследаванняў. “Большая гармонія” паміж навуковай інфармацыяй і камерцыйнай дзейнасцю, звязанай з акіянамі, з’яўляецца “неад’емнай” для дасягнення ўраўнаважанага падыходу, добрага працэсу прыняцця рашэнняў, належнага рэгулявання сферы, пазбягання канфліктаў інтарэсаў.

Дэлегацыя Апостальскай Сталіцы высока цэніць дзейнасць Міжнароднага органа па марскім дне, якая ажыццяўляецца ў супрацоўніцтве з іншымі арганізацыямі і навуковымі інстытутамі, дзеля “паляпшэння павагі да біяразнастайнасці марскога дна і яго картаграфіі”, дадаў прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі.

Міжнародны орган па марскім дне быў створаны ў 1994 г. на аснове Канвенцыі ААН па марскім праве як міжурадавая арганізацыя па кантролю працэсаў разведкі і распрацоўкі мінеральных рэсурсаў міжнароднага раёна марскога дна за межамі нацыянальнай юрысдыкцыі.

Навіна ў фармаце аўдыё
27 ліпеня 2019, 12:08