Ватыканскі дыпламат у ААН пра сітуацыю ўнутраных бежанцаў
Арцыбіскуп Іван Юркавіч прыняў удзел у 41-й сесіі Рады па правах чалавека, прысвечанай правам унутраных бежанцаў. Дыпламат звярнуў увагу на тое, што вельмі часта гэты феномен умацоўваюць несправядлівыя палітычныя рашэнні, ідэалогіі, расізм, стэрэатыпы, дыскрымінацыя, сістэматычнае насілле і адсутнасць прававой дзяржавы.
Прадстаўнік Святога Пасаду падзяліўся сумнай статысткай, згодна з якой у свеце налічваецца больш за 40 млн. чалавек, якія былі вымушаны пакінуць свае дамы і жыць як унутраныя бежанцы ва ўласнай краіне. Толькі ў 2018 г. іх колькасць вырасла на 28 млн.
Іерарх заўважыў, што ў аснове прававых інструментаў, пакліканых гарантаваць бяспеку ўнутраным бежанцам, павінна знаходзіцца дабро чалавека. Вельмі часта клопат аб унутраных мігрантах – гэта адказнасць дзяржавы. У той жа час Святы Пасад заклікае раздзяліць адказнасць за вырашэнне прычын вымушанай міграцыі.
“Гэта патрабуе адвагі і палітычнай волі, каб пакласці канец канфліктам, што распальваюць нянавісць, насілле і помсту, каб змагацца за мір і згоду, уключаючы міжрэлігійны дыялог і павагу да правоў чалавека і асноўных свабодаў”, - падкрэсліў арцыбіскуп Юркавіч.
Прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі звярнуў увагу на важную ролю рэлігійных арганізацый, якія часта з’яўляюцца першымі, хто аказвае дапамогу бежанцам, даючы ім псіхалагічную і духоўную падтрымку. Людзі, якія засталіся без даху над галавой, часта вымушаны выжываць у адчайных умовах, прыбягаючы да гандлю наркотыкамі і заняцця прастытуцыяй. Гаворка ідзе пра трагічныя сітуацыі, пра якія не павінны забываць СМІ, заўважыў іерарх.
Узгадваючы пра уплыў прыродных катаклізмаў і кліматычных змен на павелічэнне колькасці мігрантаў, арцыбіскуп Юркавіч нагадаў пра існаванне “глабалізацыі абыякавасці”, якая звязана з “пагаршэннем стану навакольнага асяроддзя, эксплуатацыяй прыродных рэсурсаў, тэрытарыяльнымі спрэчкамі і абсалютнай пагардай да нашага супольнага дому, ад чаго пакутуюць, галоўным чынам, самыя бедныя і неабароненыя”.