ААН: Міжнародны дзень памяці ахвяр рэлігійнага пераследу
У свеце працягваюць адбывацца акты нецярпімасці і насілля на аснове рэлігіі або перакананняў у дачыненні да асоб, якія належаць да рэлігійных супольнасцей і меншасцей ва ўсім свеце, а таксама расце колькасць і інтэнсіўнасць інцыдэнтаў, якія носяць крымінальны характар і могуць мець міжнародныя аспекты, - гаворыцца на афіцыйнай старонцы ААН.
У адказ на гэтыя дзеянні Генеральная Асамблея прыняла рэзалюцыю “Міжнародны дзень памяці ахвяр актаў насілля на аснове рэлігіі або перакананняў”, у якой утрымліваецца рашучае асуджэнне актаў гвалту і тэрарызму, якія здзяйсняюцца на аснове або ў імя рэлігіі або перакананняў.
У дакуменце дзяржавы-члены зноў пацвердзілі сваё безумоўнае асуджэнне ўсіх актаў, метадаў і практыкі тэрарызму і гвалтоўнага экстрэмізму ва ўсіх формах і праявах, незалежна ад матывацыі і дзе б і кім яны ні ажыццяўляліся. Аўтары таксама заявілі, што тэрарызм і гвалтоўны экстрэмізм ва ўсіх формах і праявах не могуць і не павінны атаясамлівацца з любой рэлігіяй, нацыянальнасцю, цывілізацыяй або этнічнай групай.
Папа Францішак таксама выказаўся на гэты конт. У сваім паведамленні ў Twitter ён нагадаў, што “і сёння шматлікіх хрысціян забіваюць і пераследуюць па прычыне іх любові да Хрыста. Яны аддаюць жыццё моўчкі, таму што пра іх мучаніцтва не кажуць. Сёння больш хрысціянскіх мучанікаў, чым у першыя стагоддзі”.