Францішак пра важнасць Жэнеўскіх канвенцый
Францішак выказаў спадзяванне, што гэты юбілей “паспрыяе большаму ўсведамленню дзяржавамі неабходнасці абароны жыцця і годнасці ахвяр узброеных канфліктаў”.
“Усе павінны выконваць абмежаванні, устаноўленыя міжнародным гуманітарным заканадаўствам, абараняючы бяззбройнае насельніцтва і грамадзянскія структуры, асабліва бальніцы, школы, культавыя месцы, лагеры для бежанцаў. І не будзем забывацца, што вайна і тэрарызм, гэта заўсёды сур’ёзная страта і параза для ўсяго чалавецтва”, - сказаў Папа 11 жніўня 2019 г., сустракаючыся з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”.
У вайны таксама ёсць свае правілы: не забіваць грамадзянскіх асоб і тых, хто ўжо не можа ваяваць, не здзекавацца над палоннымі, аказваць дапамогу параненым усіх бакоў. Гэтыя і іншыя абавязацельствы прапісаны ў Жэнеўскіх канвенцыях, падпісанне якіх адбылося 12 жніўня 1949 г. на Дыпламатычнай канферэнцыі ААН у Жэневе.
Пасля жахаў Другой сусветнай вайны, якая забрала велізарную колькасць жыццяў мірных грамадзян, стала ясна, што патрэбныя нейкія агульныя правілы, у тым ліку па абароне грамадзянскага насельніцтва.
Чатыры Жэнеўскія канвенцыі і Дадатковыя пратаколы да іх, удзельнікамі якіх з’яўляюцца ўсе дзяржавы, – запоўнілі прабелы ў міжнародным гуманітарным праве і сталі яго асновай.