Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад пра Еўропу: суверэнітэт – не адасабленне ад іншых

Касцёл не мае нацыяналістычнага светапогляду. Ён высока цэніць патрыятызм і нароўні з іншымі хрысціянскімі канфесіямі характарызуецца адкрытасцю на іншых, запэўніў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.

Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі прыняў удзел у Сустрэчы сяброўства паміж народамі, арганізаванай каталіцкім рухам “Камунія і вызваленне”, якая з 18 па 24 жніўня 2019 г. праходзіць у італьянскім Рыміні. На форуме ён выступіў з прамовай адносна будучыні Еўропы, а ў інтэрв’ю па выніках удзелу ў мерапрыемстве заўважыў, што агульная мэта Сустрэчы – “пашырыць наш погляд на іншага, ісці ў кірунку той культуры сустрэчы, пра якую заўсёды кажа папа Францішак”.

Выступаючы на форуме, іерарх адзначыў, што фрагментацыя, якую сёння перажывае палітычная Еўропа, – гэта “фрагментацыя чалавечага існавання”: “пераважаюць самота, індывідуалізм, крызіс сям’і, падбухторванні да расізму, недахоп этыкі”. “Гэта крызіс ідэнтычнасці, пагоршаны сусветным крызісам, які аслабіў еўра падзеламі паміж дзяржавамі ў выніку міжнароднай палітыкі, эканомікі, Брэксіту, міграцыйнага феномену”.

У інтэрв’ю арцыбіскуп Галахер працягнуў свае разважанні адносна лёсу Еўропы і праблем, з якімі яна сутыкаецца. Ватыканскі дыпламат падкрэсліў, што Еўропа – гэта каштоўнасць сама па сабе, гэта вынік усведамлення, да якога палітычныя лідары прыйшлі пасля дзвюх сусветных войнаў: пабудаваць мір і забяспечыць дабрабыт народаў немагчыма паасобку.

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер
Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер

Супрацоўнік Папы заўважыў, што сёння ніхто не аспрэчвае суверэнітэту кожнай асобна ўзятай краіны. Праблема, калі ўзнікае перабольшанае бачанне суверэнітэту, - патлумачыў арцыбіскуп Галахер. Па яго словах, ідэя суверэнітэту як татальнага адасаблення ад іншых “можа валодаць пэўнай тэарэтычнай, прагматычнай прывабнасцю”, але наўрад ці можа служыць шляхам да наследавання.

У будучым, перакананы сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі, еўрапейскія інстытуты павінны наблізіцца да народаў, больш прыслухоўвацца да іх, надаць большую вартасць усяму таму, што еўрапейскія народы інвестуюць у іх структуры. “Калі па-ранейшаму застанецца вялікая адлегласць і будзе здавацца, што Еўропа не слухае і не бярэ пад увагу ўласныя праблемы, цяжкасці, сённяшнія еўрапейскія выклікі, то будзе па-ранейшаму існаваць пэўная пагарда з боку людзей”, - лічыць іерарх.

Нарэшце, іерарх запэўніў, што Каталіцкі Касцёл не мае нацыяналістычнага светапогляду. “Мы высока цэнім патрыятызм, любоў да радзімы, да ўласнай краіны, да сваёй культуры, народу. Хрысціянская вера мае бачанне адкрытасці ў адносінах да іншых, якая пралягае праз прыняцце таго духу, які я лічу глыбока рэлігійным: ёсць нашмат больш рэчаў, якія нас аб’ядноўваюць, чым тых, якія нас раздзяляюць”, - сказаў высокі ватыканскі дыпламат.

Навіна ў фармаце аўдыё
23 жніўня 2019, 13:14