Кардыналы возьмуць удзел у глабальным форуме “Рэлігіі за мір”
Форум самай буйной у свеце асацыяцыі рэлігійных супольнасцей са 100 краін свету з штаб-кватэрай у Нью-Ёрку адкрые Прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер, паведамляе нямецкае каталіцкае агенцтва KNA.
На прэс-канферэнцыі ў Ліндаў старшыня фонду “Дыялог міру сусветных рэлігій і грамадзянскай супольнасці” Вольфганг Шюрэр заявіў, што арганізатары чакаюць двух важных імпульсаў, якія павінны нарадзіцца падчас чатырохдзённага пасяджэння. Гаворка ідзе пра абарону святых месцаў на Зямлі і пра канкрэтныя ініцыятывы супраць сексуальнага гвалту над жанчынамі.
Каталіцкі Касцёл на сустрэчы будуць прадстаўляць два высокіх іерархі: кардынал Джон Анаекан з Нігерыі і кардынал Рэйнхард Маркс з Мюнхена. У горад на Бодэнскім возеры прыедуць: ганаровы кіраўнік сусветнага праваслаўя, Патрыярх Канстантынопальскі Барталамей І, рабін Дэвід Розэн і некалькі высокапастаўленых прадстаўнікоў ісламу. Усяго ў Ліндаў збяруцца прадстаўнікі больш чым 10 розных рэлігій. Тут выступіць Беатрыс Фін, якая ўзначальвае кампанію па ліквідацыі ядзернай зброі (ICAN), узнагароджаную ў 2017 г. Нобелеўскай прэміяй міру.
Сёлетні сход пройдзе пад дэвізам “Клопат пра нашу агульную будучыню – дасягненне супольнага дабрабыту”. Сустрэча павінна стаць “не толькі ўрачыстасцю”, але і пракласці шлях міру. Напрыклад, тут сустрэнуцца дэлегацыі Паўднёвай і Паўночнай Карэі. Такім чынам, гэта глабальная падзея не будзе самамэтай ці проста сустрэчай на вышэйшым узроўні, але стане выразам нашай адказнасці за заўтрашні дзень, - падкрэслілі арганізатары.
Сусветныя форумы “Рэлігіі за мір” праходзяць раз у шэсць гадоў, першы з іх адбыўся ў 1970 г. у Кіёта, а мінулы, у лістападзе 2013 г. у Вене. У 1994 г. барацьбітоў за мір прымалі ў Ватыкане. Арганізацыя супрацоўнічае з міжнароднымі інстытутамі і ўрадамі. Германія прымае форум упершыню. Матэрыяльна яе падтрымлівае Міністэрства замежных спраў краіны.
Мэтай заснаванай у 1970 г. асацыяцыі з’яўляецца развіццё дыялогу і супрацоўніцтва паміж паслядоўнікамі розных рэлігій. Прадстаўнікі канфесій, якія ўваходзяць у яе, адыгрывалі ролю пасрэднікаў у сітуацыях вайны і крызісу, у тым ліку пасля стыхійных бедстваў на Гаіці, у Непале і Японіі, а таксама ў рэгіёнах, пацярпелых ад узброеных канфліктаў у Босніі і Герцагавіне, Косаве, Сьера-Леонэ, Ліберыі, Шры-Ланцы і Сірыі.
“Рэлігіі за мір” з 1973 г. акрэдытаваная ў ААН як няўрадавая арганізацыя. Яе ўзначальвае былы лютэранскі епіскап Осла Гунар Шталсэт, а генеральным сакратаром з’яўляецца амерыканскі тэолаг Уільям Вэндлі.