“Рэлігіі за мір”: чалавецтва апынулася ў надзвычайным крызісе
У адмысловай дэкларацыі яны, “як паўнавартасны партнёр”, абавязуюцца “падтрымліваць міжнародную кампанію па ліквідацыі ядзернай зброі” і заклікаюць да ўсеагульнага раззбраення.
“Мы закліканы дзейнічаць неадкладна”, - гаворыцца ў дакуменце. Падпісанты нагадваюць, што 10% чалавецтва жыве ў крайняй беднасці, 70 млн чалавек уцякаюць са сваёй радзімы, ідзе новая гонка ўзбраенняў, трапічныя лясы сістэматычна высякаюцца, а моры атручваюцца. Чалавецтва апынулася ў надзвычайным крызісе. Міжнародная грамадская арганізацыя падкрэслівае “неацэнную ролю жанчын і моладзі”, а таксама разам з Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый хоча бараніць святыя месцы ад прафанацыі.
Падчас канферэнцыі рэлігійныя лідары з М’янмы, Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, Нігерыі і Паўднёвага Судана расказалі пра канкрэтныя меры па змякчэнні канфліктаў у сваіх краінах. Таксама рэлігійныя прадстаўнікі Паўночнай і Паўднёвай Карэі выказаліся за стварэнне ўмоў для міру на Карэйскім паўвостраве.
10-я Сусветная асамблея з цыклу “Рэлігіі за мір” праходзіла 20-23 жніўня ў нямецкім Ліндау. У ёй прынялі ўдзел каля 900 прадстаўнікоў рэлігій, палітыкаў і экспертаў, якія займаюцца пытаннем міру.
Каталіцкі Касцёл на сустрэчы прадстаўлялі два высокіх іерархі: кардынал Джон Анаекан з Нігерыі і кардынал Рэйнхард Маркс з Германіі. У горад на Бодэнскім возеры прыехалі: ганаровы кіраўнік сусветнага праваслаўя, Патрыярх Канстантынопальскі Барталамей І, а таксама рабін Дэвід Розэн і некалькі высокапастаўленых прадстаўнікоў ісламу.
“Рэлігіі за мір” – самая буйная ў свеце асацыяцыя рэлігійных суполак са 100 краін свету, з 1973 г. акрэдытавана ў ААН як няўрадавая арганізацыя. Яе штаб-кватэра знаходзіцца ў Нью-Ёрку. Новаму Генеральнаму сакратару – Аца Карам, 50 гадоў. Мусульманка, якая нарадзілася ў Егіпце і мае галандскі пашпарт, з’яўляецца выкладчыцай рэлігіі і развіцця ва Універсітэце Врые ў Амстэрдаме і працуе ў Фондзе ААН у галіне народанасельніцтва.