Станоўчая дынаміка ў ватыканска-в’етнамскіх адносінах
У Ватыкане 21-22 жніўня 2019 г. прайшло восьмае пасяджэнне Рабочай групы па дыялогу паміж Святым Пасадам і Сацыялістычнай Рэспублікай В’етнам.
Абодва бакі з задавальненнем адзначылі станоўчыя зрухі ў двухбаковых адносінах за апошнія гады. Дэлегацыя В’етнама яшчэ раз падкрэсліла, што дзяржава паслядоўна ўдасканальвае палітыку забеспячэння павагі і свабоды веравызнання, ствараючы спрыяльнае асяроддзе для дзейнасці і развіцця каталіцкай супольнасці. Святы Пасад выказаў удзячнасць за дапамогу дзяржавы Каталіцкаму Касцёлу і пацвердзіў жаданне вернікаў рэалізаваць сваё пакліканне быць добрымі католікамі і добрымі грамадзянамі.
Дэлегацыі дасягнулі дамоўленасці аб шляхах далейшага ўмацавання адносін, і, у прыватнасці, аб асноўных прынцыпах місіі і статусу папскага прадстаўніка ў краіне, з улікам стварэння яго пастаяннай рэзідэнцыі як мага хутчэй.
Абодва бакі таксама выказалі прыхільнасць далейшаму дыялогу, заснаванаму на ўзаемным даверы і павазе. Яны падкрэслілі важнасць далейшага прасоўвання двухбаковых кантактаў, у тым ліку на высокім узроўні.
З нагоды візіту ў Ватыкан дэлегацыю В’етнама прыняў на аўдыенцыі Святы Айцец Францішак.