Святы Пасад: доступ да вады – аснова развіцця любой краіны
Арцыбіскуп Іван Юркавіч выступіў 9 верасня 2019 г. у Жэневе на 42-м пасяджэнні Савета ААН па правах чалавека. На парадку дня стаяла праблема забеспячэння чалавецтва пітной вадой і санітарнымі ўмовамі.
Іерарх падкрэсліў, што, каб гарантаваць доступ да вады, краіны павінны выконваць тры ўмовы: паважаць гэтае права, “адмаўляючыся ад удзелу ў любой дзейнасці ці ініцыятывах, якія не забяспечваюць або абмяжоўваюць доступ людзей да вады”; ахоўваць, што мае на ўвазе “недапушчэнне ўмяшальніцтва трэціх асоб у ажыццяўленне права на ваду”; і выконваць, што “накладвае на дзяржавы адказнасць за прыняцце адпаведных мер, накіраваных на поўную рэалізацыю права на ваду”.
Арцыбіскуп Юркавіч заўважыў, што на сённяшні дзень заканадаўства і палітычныя механізмы ў сферы кантролю за доступам да пітной вады і за забеспячэннем санітарных умоў засяроджаны пераважна на сферы хатняга карыстання, рэдка пашыраючы межы гэтага пытання, якія павінны ахопліваць значна большы спектр, каб адпавядаць стандартам у галіне правоў чалавека.
Ватыканскі дыпламат нагадаў, што доступ да вады – гэта аснова сацыяльнага і эканамічнага развіцця любой краіны. Без вады няма жыцця, сцвердзіў іерарх. “Права чалавека на ваду ўкаранёнае ў простай ідэі: улічваючы жыццёва важную ролю вады як сутнаснай часткі жыцця, кожная асоба мае фундаментальнае і неад’емнае права на ваду, а таксама абавязак адказнага кіравання воднымі рэсурсамі і іх ужывання”, - падкрэсліў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы ў ААН.