Прэзідэнт ЗША: свабода рэлігіі – гэта асноўнае права чалавека
Дональд Трамп адкрыў глабальны саміт па пытаннях свабоды рэлігіі ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку, арганізаваны з ініцыятывы ЗША. Ён заявіў, што свабода вызнаваць сваю веру з’яўляецца асноўным правам чалавека, і яго трэба абараняць.
“Неадкладным маральным абавязкам сусветных лідараў з’яўляецца спыненне злачынстваў супраць веры, вызваленне вязняў сумлення і адмена законаў, якія абмяжоўваюць рэлігійную свабоду”, - заявіў Прэзідэнт. “Мы заклікаем урады ўсяго свету паважаць вечнае права кожнага чалавека прытрымлівацца сваіх перакананняў, жыць па законах сваёй веры і славіць Пана”, - дадаў ён.
Амерыканскі лідар нагадаў, што каля 80% насельніцтва свету жыве ў краінах, дзе свабода рэлігіі падвяргаецца пагрозам, абмяжоўваецца ці нават адсутнічае. “Амерыка заўсёды будзе рупарам для ахвяр пераследу на рэлігійнай глебе. Мы ўсе павінны працаваць разам, каб абараняць супольнасці любога веравызнання”, - запэўніў ён. “Сапраўдная талерантнасць мае на ўвазе павагу правоў усіх людзей на свабодную рэалізацыю сваіх рэлігійных перакананняў”, - дадаў Прэзідэнт.
Выступленне ў Нью-Ёрку стала чарговым, якое Трамп прысвяціў свабодзе рэлігіі. Яго адміністрацыя праводзіць штогадовыя сустрэчы на гэтую тэму ў Вашынгтоне, а дзяржсакратар Майк Пампэа абвясціў, што будзе ўтвораны міжнародны альянс, прысвечаны гэтай праблеме.