Святы Пасад у ААН: тэрарызм не пераможаш толькі сродкамі бяспекі
Такія думкі агучыў арцыбіскуп Бернардзіта Ауса, пастаянны прадстаўнік Святога Пасаду ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, на 74-й Генеральнай асамблеі.
Тэрарызм пагражае ўсім, і таму ўсе закліканы рэагаваць на яго пагрозы. Міжнародная супольнасць павінна пазбавіць фінансавай падтрымкі і доступу да зброі тых, хто выкарыстоўвае тактыку тэрарызму. Асаблівая ўвага павінна быць нададзена супрацьстаянню радыкалізацыі моладзі праз СМІ і кібертэхналогіі. “Тэрарызм – гэта злачынства, супраць якога трэба ў поўнай меры скарыстацца адпрацаванымі механізмамі крымінальнага заканадаўства і міжнароднай узаемадапамогі паміж паліцыяй і судовымі органамі”, - агучыў пазіцыю Святога Пасаду дыпламат. У барацьбе з тэрарызмам таксама павінна быць задзейнічана мясцовае насельніцтва, органы мясцовага самакіравання і масавыя арганізацыі, у тым ліку рэлігійныя, - дадаў ён.
Ватыканская дэлегацыя прапанавала шэсць пунктаў, выкананне якіх можа аказаць фундаментальны ўплыў на спыненне і выкараненне тэрарызму: па-першае, патрэбна павага да свабоды сумлення, рэлігіі і перакананняў; па-другое, роўнасць усіх грамадзян перад законам; па-трэцяе, станоўчае і паважлівае адрозненне паміж палітычнай сферай і рэлігіяй; па-чацвёртае, катэгарычнае асуджэнне злоўжыванняў і маніпуляцый з рэлігіяй для распальвання нянавісці і насілля; па-пятае, сапраўдная прыхільнасць да міжкультурнага і міжрэлігійнага дыялогу; і па-шостае, эфектыўныя адукацыйныя намаганні па фарміраванні адказных і міралюбівых грамадзян.
Арцыбіскуп Ауса спаслаўся на Дэкларацыю аб чалавечым братэрстве з Абу-Дабі, у якой Папа і Вялікі імам заклікалі рэлігійных, палітычных, грамадзянскіх, адукацыйных і культурных лідараў папулярызаваць культуру дыялогу, узаемнага супрацоўніцтва, узаемаразумення, талерантнасці, прыняцця іншых і мірнага сумеснага жыцця. Такі падыход можа ў значнай ступені садзейнічаць выкараненню першапрычын тэрарызму.
Святы Пасад перакананы, што “любая трывалая рэакцыя на зло тэрарызму не можа быць дасягнута выключна пры дапамозе праваахоўных органаў і сродкаў бяспекі, патрэбна выхаванне да культуры зносін, якая фарміруе ўзаемнае прызнанне і спрыяе мірнаму і інклюзіўнаму грамадству”.