Святы Пасад не возьме ўдзелу ў саміце ААН у Найробі
У заяве місіі Святога Пасаду пры ААН нагадваецца, што Каірская канферэнцыя стала важнай падзеяй, хоць яе канчатковы дакумент спрыяў абортам як частцы палітыкі народанасельніцтва.
Між тым, юбілейны саміт у Найробі і прапанаваная праграма канцэнтруюцца вакол т.зв. “сексуальных і рэпрадуктыўных правоў”, якія Святы Пасад не можа падтрымаць. На думку ватыканскай дыпламатыі, надзвычай неабходна засяродзіцца на такіх ключавых пытаннях, як: жанчыны і дзеці, што жывуць у крайняй беднасці, міграцыя, стратэгіі развіцця, пісьменнасць і адукацыя, прапаганда культуры міру, падтрымка сям’і як асноўнай сацыяльнай клеткі, спыненне гвалту над жанчынамі, забеспячэнне доступу да занятасці, зямлі, капіталу і тэхналогій і г.д.
Не было таксама істотных кансультацый па праекце ўзгаданага дакумента ў рамках ААН, і гэта азначае, што саміт у Найробі не можа разглядацца як той, які праходзіць пад эгідай Аб’яднаных Нацый.
Менавіта па гэтых прычынах Святы Пасад паведаміў кенійскаму ўраду, што не будзе прысутнічаць на гэтай канферэнцыі.