Святы Пасад занепакоены знішчэннем прыроды падчас канфліктаў
Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса звярнуўся да ўдзельнікаў 74-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН з заклікам да павагі чалавечага і сацыяльнага вымярэння прыроды. Ён падкрэсліў важнае значэнне праектаў, накіраваных на абарону навакольнага асяроддзя падчас узброеных канфліктаў, ініцыяваных Камісіяй ААН па міжнародным праве, якая таксама заклікала ўрады краін уключыцца ў вырашэнне гэтай праблемы.
Нунцый спаслаўся на даклад, апублікаваны Праграмай ААН па навакольным асяроддзі, у якім падкрэсліваецца, што з 1990 г. па меншай меры 18-ці гвалтоўным канфліктам спадарожнічала эксплуатацыя навакольнага асяроддзя і прыродных рэсурсаў.
Арцыбіскуп падкрэсліў, што войны звязаны з выкарыстаннем рэсурсаў высокай каштоўнасці, такіх як драўніна і каштоўныя мінералы, а пачынаюцца яны, у тым ліку, ад недахопу вады і зямлі. “Іншымі словамі мы змагаемся за рэсурсы, якіх становіцца ўсё менш і менш, і эксплуатуем гэтыя самыя рэсурсы для нашай барацьбы”, - заўважыў дыпламат.
Прадстаўнік Святога Пасаду заклікаў знайсці “комплексны этычны падыход”, для вырашэння праблемы павышэння ўзроўню мора ў сувязі з ваеннымі канфліктамі. “У выпадку павышэння ўзроўню мора відавочна, што ў дыскусіях аб марскіх і прыбярэжных экасістэмах павінны ўлічвацца інтарэсы людзей, якія пакладаюць на іх надзею, бо чалавечае і прыроднае асяроддзе квітнеюць і марнеюць разам”, - сказаў ён. Напрыканцы звароту іерарх нагадаў заклік Папы да інтэгральнай экалогіі, каб паважаліся патрэбны і правы сучасных, а таксам будучых пакаленняў.