1579445877297.jpg

Пантыфік напісаў да ўдзельнікаў Сусветнага эканамічнага форуму

У пасланні ўдзельнікам сустрэчы ў Давосе Францішак нагадаў, што ўмовай для развіцця з’яўляецца адмова ад кароткатэрміновага мыслення і этычны падыход да будучых ініцыятыў.

Прадстаўніком Святога Пасаду падчас Сусветнага эканамічнага форуму з’яўляецца кардынал Пітэр Тарксан, прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

Сустрэча праходзіць у 50-ы раз і мае юбілейны характар. Святы Айцец пажадаў удзельнікам, каб Форум паспрыяў пошуку інавацыйных рашэнняў у пабудове лепшага свету і “стварыў базу, на якой узаемнае супрацоўніцтва зможа пераадолець ізаляцыянізм, індывідуалізм і ідэалагічную каланізацыю, якімі, на жаль, характарызуецца вялікая колькасць сучасных дыскусій”.

Папа адзначыў, што сучасны свет, які моцна змяніўся за апошнія пяць дзесяцігоддзяў, таксама патрабуе інавацыйных метадаў развіцця. Аднак чалавечая асоба заўсёды павінна знаходзіцца ў цэнтры.

“Мы ўсе частка адной сям’і. Гэты факт схіляе да маральнага абавязку ставіць чалавечую асобу ў цэнтр палітыкі, а не шукаць улады і прыбытку”

, - гаворыцца ў папскім пасланні.

Святы Айцец звярнуў увагу, што чалавек ніколі не можа быць інструментам для дасягнення мэты. “Матэрыялістычны ці ўтылітарны падыходы занадта часта прыводзяць да практык і дзеянняў, матываваных у значнай ступені ці нават выключна ўласнымі інтарэсамі. Гэта пачатак вялікай несправядлівасці”, - напісаў Францішак. “Таптанне годнасці іншых людзей прыніжае годнасць і таго, хто гэта робіць”, - дадаў ён.

Францішак нагадаў, што яго канцэпцыя “інтэгральнай экалогіі”, шырока прадстаўленая ў энцыкліцы “Laudato si’”, адпавядае гэтаму падыходу. “Я спадзяюся, што ўдзельнікі Форуму будуць памятаць пра вялікую маральную адказнасць, якую кожны з нас павінен узяць на сябе, каб імкнуцца да інтэгральнага развіцця ўсіх нашых братоў і сясцёр, у тым ліку і будучых пакаленняў”, - заключыў Папа.

Амаль 3 тыс. чалавек з 117 краін прымаюць удзел у сёлетнім 50-м Сусветным эканамічным форуме, які праходзіць пад лозунгам “Партнёры для ўстойлівага і ўзгодненага свету”. Сюды прыехалі кіраўнікі 53 дзяржаў і ўрадаў, сярод іншых: Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, Канцлер Германіі Ангела Меркель, Прэзідэнт Еўракамісіі Урсула фон дэр Лейен і спадчыннік брытанскага трона Прынц Чарльз.

Навіна ў фармаце аўдыё
21 студзеня 2020, 13:16