Robotica Intelligenza artificiale.jpg

Святы Пасад збірае экспертаў у сферы штучнага інтэлекту

Кіраўнік Microsoft Брэд Сміт, выканаўчы віцэ-старшыня IBM Джон Кэлі III, старшыня Еўрапарламента Давід Сасолі, гендырэктар ФАО Цуй Дун’юй прыедуць на ватыканскі форум: “За гуманістычны штучны інтэлект”.

У рамках сустрэчы карпарацыі Microsoft і IBM, прадстаўленыя на самым высокім узроўні, падпішуць сумесны “Этычны заклік” (Call for Ethics). Мэта дакумента – дапамагчы кампаніям у ацэнцы ўплыву тэхналогій, звязаных са штучным інтэлектам, у разуменні меркаваных рызык, а таксама ў распрацоўцы спосабаў рэгулявання, у тым ліку на адукацыйным узроўні.

З гэтай нагоды старшыня Папскай акадэміі абароны жыцця, арцыбіскуп Вінчэнца Палья заявіў: “Мы працуем у гэтай сферы таму, што з развіццём штучнага інтэлекту ўзнікае небяспека: доступ і апрацоўка могуць стаць прэрагатывай буйных эканамічных холдынгаў, сістэм грамадскай бяспекі, а таксама кіруючых палітыкаў. Іншымі словамі, на карту пастаўлена раўнапраўе ў пошуку інфармацыі і ў падтрыманні кантактаў з іншымі людзьмі, - калі складаныя паслугі будуць аўтаматычна адымацца ў тых, хто не належыць да прывілеяваных груп ці не валодае адмысловымі навыкамі”.

Форум адбудзецца 28 лютага 2020 г. Ён стане ўвянчаннем работы навуковага семінара, які пройдзе ў Рыме 26 і 27 лютага на тэму “Добры алгарытм. Штучны інтэлект: этыка, закон, здароўе”.

Гэта не першае мерапрыемства пад эгідай Святога Пасаду, прысвечанае штучнаму інтэлекту. 26 па 28 верасня 2019 г. у Ватыкане, па ініцыятыве Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека і Папскай рады па культуры, праходзіў міжнародны семінар на тэму “Супольнае дабро ў лічбавую эпоху”.

Прадстаўнікі розных сфер навукі, палітыкі, эканомікі спрабавалі адказаць на пытанні: Якім чынам штучны інтэлект і робататэхніка змяняюць жыццё? У чым благаслаўленне і праклён лічбавых тэхналогій? У якіх выпадках тэхнічны прагрэс служыць асобным людзям, а ў якіх – усяму чалавецтву?

Дарожнай картай у дыскусіях была энцыкліка Францішка “Laudato si’”. У ёй Папа папярэджваў: “Сёння тэхнакратычная парадыгма стала настолькі дамінуючай, што вельмі цяжка не скарыстацца яе патэнцыялам, а яшчэ цяжэй не паддацца яе логіцы”.

На думку Святога Пасаду, каб зразумець, што ў кантэксце развіцця лічбавых тэхналогій можна называць супольным дабром, патрэбны міждысцыплінарны абмен поглядамі, з асаблівым укладам філасофіі і тэалогіі. Менавіта па гэтай прычыне ў Ватыкане рэгулярна ладзяцца форумы, прысвечаныя ўплыву новых тэхналогій на жыццё.

Навіна ў фармаце аўдыё
16 студзеня 2020, 14:31