Прэзідэнт Італіі падзякаваў Францішку за сведчанне
Серджа Матарэла заўважыў, што чарговая гадавіна пачатку пантыфікату супала з перыядам асаблівых выпрабаванняў, звязаных з надзвычайнай сітуацыяй, выкліканай каронавірусам.
“У гэтым кантэксце, драматычным чынам пазначаным пандэміяй, міжнародная супольнасць бачыць у Вашай асвячальнай пастырскай місіі і Вашым жывым і бацькоўскім сведчанні самых высокіх евангельскіх каштоўнасцей настойлівы заклік нанова адкрыць важнасць супрацоўніцтва і салідарнасці паміж дзяржавамі і народамі, а таксама пасланне неадкладнай увагі да самых уразлівых, якое Ваша Святасць з нястомнай рашучасцю скіроўвае да ўсяго чалавецтва”, - напісаў палітык.
Прэзідэнт Італіі падкрэсліў, што заклікі Папы да “дыялогу і перамогі над культурай адчужэння” з’яўляюцца каштоўнымі для “пераадолення тэрміновых глабальных праблем і дасягнення па-сапраўднаму цэласнага развіцця”. Ён пажадаў, каб словы Святога Айца былі паўсюдна прыняты, што дазволіць “найлепшым чынам пераадолець актуальныя драматычныя праблемы і вызначыць светлы шлях да будучыні”.
Серджа Матарэла нагадаў, што Францішак шматразова сведчыў аб сваёй асаблівай блізкасці да італьянскага народа, што пацвярджаюць таксама яго “нядаўнія візіты ў месцы культу, якія на працягу стагоддзяў былі крыніцай суцяшэння і надзеі”. Ён запэўніў, што Італія, якая сёння вымушана адказваць на надзвычайныя выклікі, з даверам і асаблівай удзячнасцю глядзіць на служэнне Папы.