00328_10062017.JPG

Прэзідэнт Італіі падзякаваў Францішку за сведчанне

З нагоды сёмай гадавіны афіцыйнага пачатку служэння Францішка на Пасадзе св. Пятра, якое адзначаецца 19 сакавіка 2020 г., Прэзідэнт Італіі скіраваў яму віншаванні ад імя ўсяго італьянскага народа.

Серджа Матарэла заўважыў, што чарговая гадавіна пачатку пантыфікату супала з перыядам асаблівых выпрабаванняў, звязаных з надзвычайнай сітуацыяй, выкліканай каронавірусам.

“У гэтым кантэксце, драматычным чынам пазначаным пандэміяй, міжнародная супольнасць бачыць у Вашай асвячальнай пастырскай місіі і Вашым жывым і бацькоўскім сведчанні самых высокіх евангельскіх каштоўнасцей настойлівы заклік нанова адкрыць важнасць супрацоўніцтва і салідарнасці паміж дзяржавамі і народамі, а таксама пасланне неадкладнай увагі да самых уразлівых, якое Ваша Святасць з нястомнай рашучасцю скіроўвае да ўсяго чалавецтва”, - напісаў палітык.

Прэзідэнт Італіі падкрэсліў, што заклікі Папы да “дыялогу і перамогі над культурай адчужэння” з’яўляюцца каштоўнымі для “пераадолення тэрміновых глабальных праблем і дасягнення па-сапраўднаму цэласнага развіцця”. Ён пажадаў, каб словы Святога Айца былі паўсюдна прыняты, што дазволіць “найлепшым чынам пераадолець актуальныя драматычныя праблемы і вызначыць светлы шлях да будучыні”.

Серджа Матарэла нагадаў, што Францішак шматразова сведчыў аб сваёй асаблівай блізкасці да італьянскага народа, што пацвярджаюць таксама яго “нядаўнія візіты ў месцы культу, якія на працягу стагоддзяў былі крыніцай суцяшэння і надзеі”. Ён запэўніў, што Італія, якая сёння вымушана адказваць на надзвычайныя выклікі, з даверам і асаблівай удзячнасцю глядзіць на служэнне Папы.

Навіна ў фармаце аўдыё
19 сакавіка 2020, 13:27