Кардынал Пэл апраўданы
На працягу 13 месяцаў пажылы іерарх знаходзіўся ў турме для самых небяспечных злачынцаў.
“Вярхоўны суд пастанавіў, што прысяжныя, дзейнічаючы рацыянальна ў дачыненні да ўсіх доказаў, павінны паставіць пад сумнеў віну заяўніка ў кожным злачынстве, за якое ён быў асуджаны, і абавязаў адмяніць пастанову і вынесці на яе месца апраўдальны прысуд”, - гаворыцца ў дысцыплінарнай частцы пастановы з 7 красавіка 2020 г.
Вышэйшы судовы орган Аўстраліі таксама палічыў, што Вярхоўны суд Новага Паўднёвага Уэльса, які разглядаў скаргу год таму, не ўзяў пад увагу рацыянальных сумневаў на карысць абвінавачанага. Яны не былі прыняты да ўвагі і прысяжнымі, якія разглядалі справу ў 2018 г. Як падкрэслівала абарона, адзін з пацярпелых перад смерцю прызнаўся, што кардынал не здзяйсняў злачынства. Доказамі ў справе былі толькі паказанні другога пацярпелага, якія абвяргалі 20 сведак, выкліканых абаронай. Падкрэслена неверагоднасць месца і часу, у якіх павінен быў адбыцца эпізод у 1996 г. – сакрыстыя перапоўненага сабора ў Мельбурне пасля ўрачыстай Імшы.
Кардынал Пэл хутка выйдзе з турмы Барвон, на паўднёвым захадзе ад Мельбурна. У сваёй спецыяльнай заяве іерарх нагадаў, што ўвесь час казаў аб сваёй невінаватасці, і запэўніў, што не мае крыўды на нікога, падкрэсліваючы, што адзіны спосаб вылечыць раны мінулага – гэта праўда. Ён падзякаваў усім, хто яго падтрымліваў, асабліва камандзе юрыстаў.
Кардынал Пэл з 24 лютага 2014 г. быў прэфектам ватыканскага Сакратарыята па эканамічных пытаннях. У чэрвені 2017 г. ён пакінуў пасаду і адправіўся на радзіму, каб адказаць на абвінавачванні ў сексуальных злоўжываннях. У 2013-2018 г. быў членам Рады кардыналаў пры Пантыфіку.
Нагадаем, што 11 снежня 2018 г. іерарх быў прызнаны прысяжнымі ў Мельбурне вінаватым у сексуальных злачынствах супраць непаўналетніх. 26 лютага таго ж года Апостальская Сталіца вынесла яму забарону на публічнае служэнне і кантакт з непаўналетнімі ў любым выглядзе і форме. 13 сакавіка 2019 г. Пэл быў прызнаны вінаватым у сексуальных дамаганнях да двух 13-гадовых удзельнікаў хору сабора св. Патрыка ў Мельбурне, што нібыта мела месца ў 1996 г., і асуджаны на шэсць гадоў пазбаўлення волі. Яго ўтрымлівалі ў турме асабліва строгага рэжыму. 21 жніўня 2019 г. суд штата Вікторыя адхіліў скаргу і пакінуў прысуд у сіле. Сённяшняя пастанова Вярхоўнага суда Аўстраліі з’яўляецца канчатковай.