Святы Пасад у АБСЕ: пандэмія не вызваляе ад барацьбы з карупцыяй
Дэлегацыя Святога Пасаду пры АБСЕ, якую ўзначальвае мансеньёр Януш Урбанчык, выступіла з адмысловай заявай у ходзе відэаканферэнцыі напярэдадні 28-га Эканамічнага і экалагічнага форуму Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.
Тэма канферэнцыі – “Прасоўваць бяспеку, стабільнасць і эканамічны рост, прадухіляючы карупцыю і перамагаючы яе з дапамогай інавацый, большай празрыстасці і цыфравізацыі”.
Зараз прыярытэтам дзяржаў з’яўляецца пераадоленне COVID-19, абарона здароўя і санітарная бяспека, аднак менавіта дзеянні па барацьбе з каронавірусам могуць нарадзіць патэнцыйную рызыку і магчымасці для карупцыі, а таксама для парушэння адпаведных нормаў па супрацьдзеянні карупцыі.
Прадстаўнік Святога Пасаду спаслаўся на словы Францішка, які часта падкрэслівае, што карупцыя прыніжае годнасць чалавека і разбівае ўсе добрыя і выдатныя ідэалы. Грамадства, паводле пераканання Папы, заклікана рабіць канкрэтныя крокі для супрацьстаяння “ракавай пухліне карупцыі ў яе разнастайных формах”.