1513019797_151962_1513020163_noticia_normal.jpg

Святы Пасад у АБСЕ: пандэмія не вызваляе ад барацьбы з карупцыяй

Святы Пасад заклікае бароцца з карупцыяй падчас пандэміі, бо змаганне з каронавірусам звязана з патэнцыйнай рызыкай адцягнуць увагу ад парушэння закону ў эканамічнай і фінансавай сферах.

Дэлегацыя Святога Пасаду пры АБСЕ, якую ўзначальвае мансеньёр Януш Урбанчык, выступіла з адмысловай заявай у ходзе відэаканферэнцыі напярэдадні 28-га Эканамічнага і экалагічнага форуму Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.

Тэма канферэнцыі – “Прасоўваць бяспеку, стабільнасць і эканамічны рост, прадухіляючы карупцыю і перамагаючы яе з дапамогай інавацый, большай празрыстасці і цыфравізацыі”.

Ватыканскі дыпламат заявіў, што менавіта ў час пандэміі неабходна надаць асаблівую ўвагу барацьбе з карупцыяй.

Зараз прыярытэтам дзяржаў з’яўляецца пераадоленне COVID-19, абарона здароўя і санітарная бяспека, аднак менавіта дзеянні па барацьбе з каронавірусам могуць нарадзіць патэнцыйную рызыку і магчымасці для карупцыі, а таксама для парушэння адпаведных нормаў па супрацьдзеянні карупцыі.

Прадстаўнік Святога Пасаду спаслаўся на словы Францішка, які часта падкрэслівае, што карупцыя прыніжае годнасць чалавека і разбівае ўсе добрыя і выдатныя ідэалы. Грамадства, паводле пераканання Папы, заклікана рабіць канкрэтныя крокі для супрацьстаяння “ракавай пухліне карупцыі ў яе разнастайных формах”.

16 чэрвеня 2020, 10:59