1591382261149.jpg

Ватыканскі прэфект прыняў удзел у чуванні аб міры ў ЗША

Прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця прыняў удзел у малітоўным чуванні ў інтэнцыі ЗША. Яно прайшло 5 чэрвеня 2020 г. па ініцыятыве Супольнасці св. Эгідзія.

“Будзем прасіць Пана, каб узглянуў на ўсіх нявінных ахвяр, якія загінулі па прычыне несправядлівасці і расавай дыскрымінацыі. Няхай іх пралітая кроў дапаможа нашай дарагой Радзіме будаваць па-сапраўднаму мірнае і братэрскае грамадства”, - сказаў кардынал Кэвін Джозэф Фарэл, звяртаючыся да вернікаў, якія сабраліся ў рымскай базыліцы Санта-Марыя-ін-Трастэвэры.

На пачатку чування былы арцыбіскуп Даласа заклікаў да малітвы за трагічна загінулага Джорджа Флойда, яго родных і ўсіх жыхароў Злучаных Штатаў, каб прыйшлі да спакою і ўзаемаразумення. Ён выказаў блізкасць да ўсіх, хто сутыкнуўся з дыскрымінацыяй і насіллем у гэтай краіне.

Кардынал Фарэл падкрэсліў, што, калі ў чалавеку па-сапраўднаму жыве Бог, у ім не можа быць пачуцця нянавісці і пагарды да іншых. Ён нагадаў, што ўсе людзі з’яўляюцца дзецьмі адзінага Айца, роўнымі, нягледзячы на адметнасці паміж імі.

Гаворачы пра несправядлівую смерць Флойда, кардынал заўважыў, што яна павінна стаць прычынай глыбокага смутку, бо сведчыць аб існаванні ў краіне дыскрымінацыі, забабонаў і нянавісці на глебе расізму. Мы з болем заўважаем, што “пасля доўгіх гадоў барацьбы за правы чалавека і расавую роўнасць”, некаторыя формы “несправядлівасці і насілля з мінулага працягваюць існаваць”, - сказаў ён. Іерарх падкрэсліў, што вялікія грамадскія рухі 1960-1970-х гадоў пакінулі “глыбокі след у грамадскай свядомасці, але не вырашылі праблемы канчаткова”.

Прэфект зазначыў, што мірнае суіснаванне і ўзаемнае прыняцце – гэта каштоўнасці, якія заўсёды павінны падтрымлівацца.

“Грамадскае братэрства не можна дасягнуць раз і назаўсёды, бо чалавечае сэрца заўсёды можа закрывацца ў сваім эгаізме і забруджвацца грахом, выклікаючы новыя формы несправядлівасці, насілля і прыгнёту”

, - сцвердзіў амерыканскі іерарх.

Кардынал Фарэл заклікаў амерыканскіх хрысціян садзейнічаць пераўтварэнням у грамадстве, сеючы мір, павагу да правоў чалавека, братэрства паміж усімі людзьмі. “Касцёл не хоча прымаць чыйсьці бок, не хоча займацца палітычнай прапагандай і празелітызмам, выключна дапамагаць грамадству пашыраць агульнае дабро і будаваць па-сапраўднаму братэрскія сувязі паміж людзьмі”, - сказаў прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця.

46-гадовы афраамерыканец Джордж Флойд загінуў 25 мая 2020 г. падчас затрымання паліцыяй у горадзе Мінеапаліс. Яго гібель стала прычынай для масавых пратэстаў у розных гарадах ЗША, у выніку якіх загінулі па меншай меры 11 чалавек.
 

06 чэрвеня 2020, 12:08