Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Епіскапат Японіі заклікаў цалкам адмовіцца ад атамнай энергіі

Японскія біскупы заклікалі цалкам адмовіцца ад выкарыстання атамнай энергіі. Гэта рашэнне стала рэакцыяй на трагедыю на атамнай станцыі ў Фукусіме, якая адбылася ў 2011 г.

На сайце Канферэнцыі Біскупаў Японіі быў апублікаваны зборнік пад назвай “Ліквідацыя атамнай энергіі: заклік Каталіцкага Касцёла ў Японіі”. У ім утрымліваюцца меркаванні міжнародных экспертаў аб наступствах атамнай катастрофы на Фукусіме, небяспеках, звязаных з валоданнем ядзернай зброяй, а таксама аналіз атамнай энергетыкі з этычнага і тэалагічнага пункту гледжання.

Спасылаючыся на энцыкліку Святога Айца “Laudato si’”, і словы, якія Папа прамовіў падчас візіту ў Японію, біскупы падкрэслілі, што поўная адмова ад атамнай энергетыкі – гэта адзін з самых важных пунктаў ураўнаважанага развіцця на Зямлі.

Японія – адзіная ў свеце краіна, якая спазнала разбуральныя наступствы ядзернай бамбардзіроўкі. На працягу апошніх дзесяцігоддзяў біскупы рэгулярна заклікаюць да пошуку альтэрнатыўных і бяспечных крыніц энергіі. Заклік да поўнай адмовы ад выкарыстання мірнага атаму стаў чарговым крокам у гэтым кірунку.

 

13 ліпеня 2020, 14:42