Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Карабель-бальніца імя Францішка дапамагае змагацца з пандэміяй

У барацьбу з каронавірусам у Бразіліі ўключыўся карабель-бальніца імя Францішка, які ўжо амаль два гады аказвае медыцынскую дапамогу насельніцтву ўзбярэжжаў Амазонкі.

“Карабель ужо зрабіў цуды, несучы надзею народам, што пражываюць уздоўж ракі. Мы не маглі не ўдзельнічаць у барацьбе з COVID-19”, - заўважыў брат Жоэль Соуза, член каманды карабля. Інтэрв’ю з ім было апублікавана на сайце Рады Біскупскіх Канферэнцый Лацінскай Амерыкі (CELAM).

Барацьба з новым выклікам патрабавала адпаведнай рэарганізацыі, мабілізацыі адмысловых спецыялістаў і набыцця неабходных сродкаў абароны. Акрамя аказання амбулаторнай медыцынскай дапамогі першага ўзроўню, экіпаж карабля займаецца інфармаваннем мясцовага насельніцтва.

Карабель-бальніца распачаў плаванне восенню 2018 г. Мэта праекту, у якім удзельнічаюць урачы розных спецыяльнасцей, заключаецца ў аказанні дапамогі сотням тысяч бразільцаў, якія жывуць далёка ад бальніц. Для многіх з іх гэта адзіная магчымасць сустрэцца з урачом, асабліва са спецыялістам у адмысловай сферы.

На 32-мятровым судне ёсць усе неабходныя сродкі для дыягностыкі, лячэння, шпіталізацыі і прафілактыкі. Бальніца мае лабараторыю, дзе можна зрабіць асноўныя аналізы, аптэку, аперацыйную залу, а таксама дыягнастычную частку, абсталяваную рэнтгенаўскім, ультрагукавым і мамаграфічным апаратамі.

Большасць працэдур праводзіцца на месцы, але для сур’ёзных хірургічных аперацыі пацыентаў дастаўляюць у іншыя бальніцы краіны. Для хуткай дапамогі выкарыстоўваюцца дзве маторныя лодкі, якімі можна дабрацца да самых аддаленых мясцовасцей. На борце працу 23 урача, у каманду ўваходзяць таксама святары і манахіні.

Да ўзнікнення праекту прычыніўся Францішак. У рамках удзелу ў Сусветных днях моладзі, ў 2013 г. у Рыа-дэ-Жанейра, ён наведаў шпіталь для бедных, якім апякуюцца францішкане і выказаў пажаданне, каб яны ажыццяўлялі сваю дзейнасць таксама ў Амазоніі. У 2018 г. праект карабля-бальніцы быў прадстаўлены Святому Айцу і атрымаў яго благаслаўленне. Папа ахвяраў для праекту некаторае медыцынскае абсталяванне. Падчас барацьбы з каронавірусам бальніца-карабель таксама атрымлівае дапамогу праз Апостальскую нунцыятуру ў Бразіліі.
 

14 ліпеня 2020, 09:42