Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

“Osservatore” пра антрапацэн – новую геалагічную эпоху на Зямлі

На думку некаторых навукоўцаў, перыяд, у якім мы жывём зараз, уяўляе сабой новую геалагічную эпоху пад назвай “антрапацэн”. Пра гэта піша “L’Osservatore Romano” ў артыкуле “Ад чалавека да геалогіі”.

Асаблівасцю гэтага перыяду з’яўляецца тое, што змены на планеце перасталі быць толькі вынікам прыродных з’яў; на іх у больш значнай ступені ўплывае чалавечая дзейнасць. Чалавек антрапацэну вырабляе і пакідае ў прыродным асяроддзі рэчывы непрыроднага паходжання, напрыклад, хімічныя прадукты, пластмасы і радыеактыўныя ізатопы.

Па словах аўтара артыкула, журналіста Паола Бенацы, “шматлікія навукоўцы” лічаць, што цяперашняя геалагічная эпоха пачалася 16 ліпеня 1945 г. у 5.29, калі з’явіўся хімічны элемент, створаны штучна. У той дзень каля горада Аламагорда ў амерыканскім Нью-Мексіка ў пустыні была падарвана бомба, запраўленая плутоніем. Гэта першае ядзернае выпрабаванне ў гісторыі – з тых часоў і да сёння, калі верыць афіцыйным дадзеным, быў зроблены 2421 падобны выбух.

Іх наступствам стала стварэнне ізатопаў, якіх не было ў прыродзе да гэтага часу. Менавіта яны раскажуць нашчадкам гісторыю нашай эпохі і змогуць ахарактарызаваць наш геалагічны пласт. Мы з’яўляемся першымі, хто стварыў штучную геалогію

, - сцвярджае ватыканскі журналіст.

Паводле слоў Бенацы, з вышэйзгаданага 16 ліпеня 1945 г. можна казаць пра пачатак этапу найноўшай гісторыі, які быў названы “халоднай вайной”, перыяду, калі ядзерная зброя стала адным з адмысловых сімвалаў. Напружанасць паміж дзвюма звышдзяржавамі, якая доўжылася амаль паўстагоддзя, хаця ніколі і не ператварылася ў непасрэдны ўзброены канфлікт, перарасла за гэтыя гады ў канкурэнцыю на многіх узроўнях: ваенным, касмічным, тэхналагічным, ідэалагічным, псіхалагічным, спартыўным і г.д. На думку аўтара, гэта спрыяла, прынамсі часткова, развіццю і эвалюцыі самога грамадства і надыходу трэцяй прамысловай рэвалюцыі.

Канкурэнцыя і вайна – гэтак жа старыя, як і чалавек – выклікалі змены, якія мы бачым і выкарыстоўваем сёння як прадукты, што рухаюць сусветную эканоміку

, - падсумаваў журналіст ватыканскага выдання.

Тэрмін “антрапацэн” быў прыдуманы для абазначэння эпохі, у якую чалавек стаў галоўным рухавіком змяненняў навакольнага асяроддзя. Пакуль навукоўцы спрачаюцца пра тое, ці варта афіцыйна вылучаць у гісторыі Зямлі новую геалагічную эпоху, факт застаецца фактам: імклівае павышэнне ўзроўню парніковых газаў у атмасферы аказвае ўздзеянне на клімат і прыводзіць да скарачэння біяразнастайнасці, а празмернае спажыванне прыродных рэсурсаў наносіць прыродзе непапраўную шкоду. Аднак эфектыўных рашэнняў да гэтага часу не знойдзена. Пры гэтым паўсюдна назіраецца калектыўнае адмаўленне гэтых праблем, падмацаванае наіўнай верай у сілу прагрэсу, ідэалогіяй спажывальніцтва і эканамічным лабізмам.
 

30 ліпеня 2020, 13:30