Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: палегчыць цяжар знешняга доўга бедных краін

Сітуацыя, выкліканая пандэміяй каронавіруса, з’яўляецца праблемай, якая не мае прэцэдэнтаў. Яна абавязвае звярнуць большую ўвагу на становішча бедных краін, - лічыць арцыбіскуп Іван Юркавіч.

2 ліпеня 2020 г. Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры структурах ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе, узяў удзел у працы 67-й сесіі Канферэнцыі ААН па гандлі і развіцці (UNCTAD).

Эканамічны крызіс, выкліканы каронавірусам, вядзе да беспрацоўя, краху прадпрыемстваў, уразлівасці фінансавых рынкаў. Міжнародная супольнасць павінна эфектыўна адказаць на гэта патэнцыйна разбуральнае ўздзеянне, - заўважыў ватыканскі дыпламат.

Арцыбіскуп Юркавіч заклікаў паглядзець на праблемы, выкліканыя ў свеце пандэміяй, і знайсці выйсце з сітуацыі, звязанай з існаваннем велізарнага цяжару знешняга доўга, які паралізуе развіццё многіх краін. “Святы Пасад заахвочвае ўсе краіны да змяншэння ці спісання доўга самых бедных краін”, - сказаў ён. Трэба не толькі прымусіць функцыянаваць рынкі, але перайсці да больш інклюзіўнага свету, інвестуючы ў чалавечы капітал, даючы крэдыты бедным, абараняючы спажыўцоў, - дадаў прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі.

“Карані гэтага крызісу – не эканамічныя і фінансавыя, але ў першую чаргу этычныя… Прызнаючы першаснасць “быцця” над “валоданнем”, этыкі над эканомікай, народы свету павінны ўмацаваць свае дзеянні ў духу этыкі салідарнасці”, - падкрэсліў арцыбіскуп.

Ён нагадаў, што празмерная лібералізацыя, якая аддае перавагу хуткаму прыбытку, прывяла таксама да злоўжыванняў навакольным асяроддзем, што ўплывае не толькі на эканоміку, але і на жыццё людзей. “Перад абліччам гэтай патэнцыйнай трагедыі, якую маем на гарызонце, патрэбны моцны этычны падыход, заснаваны на нашай адказнасці”, - дадаў іерарх.

Пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры ААН падкрэсліў, што самым галоўным выклікам зараз з’яўлецца санітарны крызіс, выкліканы пандэміяй каронавіруса, які, у сваю чаргу, справакаваў крызіс эканамічны. Міжнародная супольнасць не можа дазволіць, каб фінансавая сістэма працягвала ствараць нестабільную глабальную эканоміку. Неабходна неадкладна прыняць меры для прафілактыкі выбуху фінансавых крызісаў у будучыні, - сказаў ён.

Апостальская Сталіца заклікае да прыняцця этыкі салідарнасці дзеля больш здаровага, больш чалавечага развіцця, дзе эканоміка, будзе знаходзіцца на службе чалавеку, будзе дапамагаць будаваць мір і абараняць навакольнае асяроддзе.

Нагадваючы словы папы Францішка, арцыбіскуп Юркавіч, падкрэсліў, што актуальны перыяд не можа стаць часам абыякавасці, бо ўвесь свет пакутуе і патрабуе адзінства для перамогі над пандэміяй. Таму перад усімі стаіць абавязак не пакідаць найбольш уразлівых братоў і сясцёр, - завяршыў свой зварот прадстаўнік Святога Пасаду пры ААН.
 

03 ліпеня 2020, 11:25