ЗША: Дзень малітвы ў 75-годдзе ядзернай бамбардзіроўкі Японіі
Малітоўная ініцыятыва адбудзецца ў нядзелю 9 жніўня 2020 г. Яна супадзе па часе з штогадовая акцыяй японскага епіскапату пад назвай “Дзесяць дзён у абарону міра”, якая праводзіцца з 1981 г.
“У ХХІ стагоддзі мы працягваем назіраць геапалітычныя канфлікты, у якіх задзейнічаны дзяржаўныя і недзяржаўныя акторы, што выкарыстоўваюць усё больш і больш разбуральныя віды зброі ў парушэнне міжнародных дамоваў адносна кантролю за ўзбраеннямі”, - гаворыцца ў спецыяльным паведамленні Камісіі па пытаннях справядлівасці і міру пры Канферэнцыі Біскупаў ЗША.
Амерыканскія іерархі нагадалі пра тэрміновую патрэбу ў ядзерным раззбраенні. Гэта тычыцца як краін, што маюць ядзерную зброю, такіх як Злучаныя Штаты, пакліканых прыняць больш рашучыя ініцыятывы на карысць змяншэння сваіх арсеналаў, так і дзяржаў, якія не маюць ядзерных узбраенняў, але імкнуцца атрымаць іх.
Біскупы нагадалі словы Францішка, прамоўленыя падчас яго візіту ў Хірасіму і Нагасакі ў лістападзе 2019 г. Святы Айцец казаў, што выкарыстанне атамнай энергіі ў ваенных мэтах – гэта злачынства “не толькі супраць чалавека і яго годнасці, але супраць любой магчымасці будучыні ў нашым агульным доме”. Ён перасцярог, што за гэтае зло нас асудзяць будучыя пакаленні.
“Калі сапраўды жадаем будаваць больш справядлівае і бяспечнае грамадства, мы павінны дазволіць, каб зброя выпала з нашых рук. (...) Сапраўдны мір можа быць толькі бяззбройным”, - сцвердзіў Францішак.
Ад імя ўсіх ахвяр ядзерных бамбардзіровак, атамных эксперыментаў і ўзброеных канфліктаў Францішак звярнуўся да Бога з просьбай спыніць войны і грукат зброі на планеце, каб там, дзе панавала разбурэнне, сёння шчодра разлівалася “надзея на тое, што напісаць і ажыццявіць іншую гісторыю магчыма”.