Пасля выбуху ў Бейруце Пасля выбуху ў Бейруце 

Святы Айцец спачувае ліванцам пасля выбуху ў Бейруце

5 жніўня 2020 г., напрыканцы агульнай аўдыенцыі Папа спаслаўся на ўчарашні выбух у порце Бейрута, у выніку якога пацярпела вялікая колькасць асоб.

“Учора ў Бейруце, у раёне порта, шматлікія выбухі сталі прычынай гібелі дзясяткаў людзей і ранення тысяч, была нанесена сур’ёзная матэрыяльная шкода. Будзем маліцца за ахвяр і іх сем’і. Давайце таксама памолімся за Ліван, каб, дзякуючы намаганням усіх сацыяльных, палітычных, рэлігійных груп, краіна магла перажыць гэты трагічны і пакутлівы момант, і пры дапамозе міжнароднай супольнасці пераадолець сур’ёзны крызіс”, - звярнуўся да вернікаў Францішак.

Магутны выбух адбыўся ў раёне порта Бейрута 4 жніўня вечарам. Як паведамілі ўлады, прычынай стала неналежнае захоўванне амаль трох тысяч тон аміячнай салетры. У выніку бальніцы перапоўненыя з прычыны вялікай колькасці пацярпелых. Па апошніх дадзеных, больш за сто чалавек загінулі і каля чатырох тысяч атрымалі раненні. Многія людзі да гэтага часу лічацца зніклымі без вестак. Выбух быў настолькі моцным, што пашкодзіў палову будынкаў горада.
 

05 жніўня 2020, 12:06