Порт Бейрута пасля выбуху. Ілюстрацыйнае фота Порт Бейрута пасля выбуху. Ілюстрацыйнае фота 

Епіскапаты Еўрасаюза заклікалі дапамагчы Лівану

Старшыня Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE) выказаў салідарнасць з ліванцамі, якія змагаюцца з наступствамі трагедыі ў порце Бейрута.

Кардынал Жан-Клод Олерыш падкрэсліў, што малітва за памерлых павінна суправаджацца канкрэтнай хрысціянскай салідарнасцю. “Ведаю, што мясцовыя Касцёлы могуць быць вельмі шчодрымі, Ліван мае патрэбу ў гэтым”, - падкрэсліў ён.

У інтэрв’ю Vatican News арцыбіскуп Люксембурга адзначыў, што ў пераадоленні Ліванам драматычнай сітуацыі павінны ўдзельнічаць усе грамадскія, палітычныя і рэлігійныя групы.

“Давайце ўспомнім, што гэтая калісьці заможная краіна, у выніку нядаўняга крызісу – палітычнага, сацыяльнага і эканамічнага, – перажывае рэальна цяжкія часы і людзі вельмі пакутуюць”

, - адзначыў іерарх.

“Мы не можам забыць, што Ліван прыняў сотні тысяч бежанцаў і што шмат ліванцаў жыве па ўсёй Еўропе. Напрыклад, на Кіпры Каталіцкі Касцёл у асноўным – мараніцкая супольнасць. Мы не можам забыць пра іх, мы абавязаны ім дапамогай”, - лічыць кардынал Олерыш.

Іерарх заклікаў памятаць, “што Ліван важны для Еўрапейскага саюза таксама з пункту гледжання бяспекі”. Таму важнай застаецца стабільнасць у гэтай краіне і ў палітычным, і ў эканамічным плане.

“Думаю, што еўрапейскія палітыкі павінны рэагаваць, прапаноўваючы канкрэтную дапамогу. Мы, як хрысціяне, можам зрабіць значна больш: мы павінны адказаць канкрэтнай салідарнасцю і шчодрай міласэрнасцю”, - падкрэсліў Старшыня COMECE.

Разбуральны выбух прагрымеў 4 жніўня 2020 г. у раёне марскога порта Бейрута. Загінулі 158 чалавек, больш за 6 тыс. атрымалі раненні. Былі знішчаны і пашкоджаны дзясяткі дамоў, аўтамабіляў, у многіх кварталах сталіцы было выбіта шкло. Па дадзеных мясцовых уладаў, прычынай выбуху стала дэтанацыя аміячнай салетры, якая захоўвалася на складзе.
 

10 жніўня 2020, 12:34