Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа пра трагічную гадавіну атамнай бамбардзіроўкі Нагасакі

Францішак у чарговы раз заклікаў да будавання свету без ядзернай зброі. Нагодай да гэтага стала сумная гадавіна бамбардзіроўкі Нагасакі.

“6 і 9 жніўня 1945 г., 75 гадоў таму, адбыліся трагічныя атамныя бамбардзіроўкі Хірасімы і Нагасакі. З хваляваннем і ўдзячнасцю ўспамінаю візіт, які я здзейсніў у гэтыя гарады ў мінулым годзе і аднаўляю запрашэнне да малітвы і намаганняў, каб свет стаў свабодным ад ядзернай зброі”, - сказаў Папа 9 жніўня 2020 г., падчас сустрэчы з вернікамі на “Анёл Панскі”.

Некалькі дзён таму Францішак напісаў ліст да губернатара японскай прэфектуры Хірасіма Хідэхіка Юдзакі, у якім прыгадаў мінулагодняе Апостальскае падарожжа ў Японію і паўтарыў свой заклік да адмаўлення ад ядзернай зброі, сцвердзіўшы, што валоданне і карыстанне ёй – амаральна.

“Як і ў мінулым годзе, калі я прыбыў у Японію як пілігрым міру, працягваю насіць у сваім сэрцы палкае жаданне людзей нашага часу, асабліва маладых, якія прагнуць міру і прыносяць сябе ў ахвяру дзеля міру. Я таксама нашу ў сабе плач бедных, якія заўсёды аказваюцца сярод першых ахвяр насілля і канфлікту”, - напісаў Папа.
 

09 жніўня 2020, 12:22