Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

КНР: адносіны з Святым Пасадам палепшыліся

Кантакты з Святым Пасадам палепшыліся, і Кітай імкнецца падтрымліваць сувязь, каб забяспечыць большы прагрэс у адносінах. У гэтым запэўніў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў КНР Ван Вэньбінь.

Ён выказаўся на тэму магчымага прадаўжэння тэрміну дзеяння двухбаковага Часовага пагаднення, заключанага ў 2018 г, на два гады.

“У апошнія гады дзякуючы намаганням абодвух бакоў кітайска-ватыканскія адносіны сістэматычна паляпшаліся. Часовае пагадненне паміж Кітаем і Ватыканам аб прызначэнні біскупаў – важны вынік; яно добра функцыянуе на працягу апошніх двух гадоў. Кітай і Ватыкан падтрымлівалі адзін аднаго ў барацьбе з вірусам, абароне глабальнай бяспекі аховы здароўя і ўмацаванні даверу і ўзаемаразумення. Кітай гатовы падтрымліваць цесныя сувязі з Ватыканам для працягу рэалізацыі гэтага пагаднення і паляпшэння адносін паміж бакамі”, - заявіў Вэньбін на прэс-канферэнцыі ў Пекіне.

Змест Часовага пагаднення застаецца канфідэнцыяльным, але вядома, што, хоць кітайскія ўлады ўдзельнічаюць у працэсе вылучэння кандыдатаў, канчатковае рашэнне аб намінацыі прымае Пантыфік. Вынікам дамовы стала прызнанне Францішкам біскупаў, раней вылучаных уладамі без папскай згоды. Дзякуючы гэтаму, упершыню за 60 гадоў увесь кітайскі епіскапат знаходзіцца ў лучнасці з Апостальскай Сталіцай.

У той жа час, кітайскія ўлады прызналі пяць біскупаў, прызначаных Пантыфікам без кансультацыі з імі. У жніўні 2020 г. адбылося пасвячэнне двух першых іерархаў, вылучэнне і прызначэнне якіх прайшло згодна з дасягнутай дамоўленасцю.
 

16 верасня 2020, 11:23