Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: для захавання прыроды патрэбна змена чалавечага сэрца

3 верасня 2020 г. Пантыфік прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане групу экспертаў, якія супрацоўнічаюць з Канферэнцыя Біскупаў Францыі ў пытаннях аховы навакольнага асяроддзя.

Святы Айцец перадаў удзельнікам сустрэчы тэкст свайго звароту, у якім выказаў радасць з той прычыны, што экалагічныя пытанні прыцягваюць усё большую і большую ўвагу людзей і “пачынаюць уплываць на рашэнні палітычнага і эканамічнага характару”. Ён запэўніў у гатоўнасці Каталіцкага Касцёла напоўніцу ўдзельнічаць у абароне “супольнага дома”.

Касцёл “не дае гатовых рашэнняў, але і не ігнаруе тэхнічных, эканамічных і палітычных цяжкасцей”. Ён прагне “дзейнічаць канкрэтным чынам там, дзе гэта магчыма”, а ў першую чаргу фармаваць сумленне людзей, “спрыяючы, такім чынам экалагічнаму навяртанню”, неабходнаму для адказу на актуальныя выклікі, - падкрэсліў Папа.

Францішак выказаў перакананасць у неабходнасці дыялогу паміж верай і навукай. Ён нагадаў, што згодна з Бібліяй свет быў створаны не выпадкова: ён з’яўляецца плёнам любові Бога, таму хрысціяне пакліканы клапаціцца пра яго. Калі прырода ўспрымаецца выключна ў якасці сродку для атрымання прыбытку, парушаецца гармонія і ўзнікаюць няроўнасць, несправядлівасць і пакуты.

Паводле Папы, “калі экалагічны крызіс з’яўляецца выяўленнем або знешнім праяўленнем этычнага, культурнага і духоўнага крызісу сучаснасці, то мы не можам чакаць аздараўлення нашых адносін з прыродай і навакольным асяроддзем без аздараўлення ўсіх асноўных міжчалавечых адносін”.

“Таму не будзе новых адносін з прыродай без новага чалавека. Аздараўляючы чалавечае сэрца можна спадзявацца на аздараўленне свету ад яго сацыяльнага і экалагічнага бязладдзя”, - падкрэсліў Францішак.
 

03 верасня 2020, 13:58