І І 

Святы Пасад і ФАО: этычныя правілы па вытворчасці харчавання

Апостальская Сталіца і Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН (ФАО) маюць намер прадставіць сумесныя этычныя рэкамендацыі па вытворчасці харчовых прадуктаў.

24 верасня 2020 г. адбудзецца анлайн-семінар з удзелам кампаній IBM і Microsoft. На ім разгледзяць мадэлі выкарыстання штучнага інтэлекту ў сельскай гаспадарцы і прапануюць шляхі для паляпшэння вытворчасці харчовых прадуктаў пасля эпідэміялагічнага крызісу. Пра гэта паведамілі 17 верасня 2020 г. у Рыме Папская акадэмія жыцця і ФАО.

Ключавымі дакладчыкамі стануць генеральны дырэктар ФАО Цюй Дун’юй, прэзідэнт Microsoft Брэд Сміт і віцэ-прэзідэнт IBM Джон Кэлі. Святы Пасад будзе прадстаўляць старшыня Папскай акадэміі жыцця, арцыбіскуп Вінчэнца Палья.

Семінар звязаны з сустрэчай “Добры алгарытм. Штучны інтэлект: этыка, закон, здароўе”, якая прайшла ў Ватыкане 28 лютага 2020 г. Падчас яе ўдзельнікі, установы і прадпрымальнікі, прынялі “Рымскі этычны заклік” – кодэкс для штучнага інтэлекту. Паводле яго, лічбавыя тэхналогіі павінны быць празрыстымі, інклюзіўнымі, непрадузятымі, надзейнымі і бяспечнымі. Акрамя таго, трэба дакладна вызначыць сферы адказнасці і метады абароны прыватных дадзеных карыстальнікаў.

Першымі падпісантамі шасцістаронкавага дакумента сталі прэзідэнт Microsoft Брэд Сміт і віцэ-прэзідэнт IBM Джон Кэлі.
 

19 верасня 2020, 11:29