Святы Пасад: абараніць правы карэнных народаў
24 верасня 2020 г. арцыбіскуп Іван Юркавіч узяў слова падчас дэбатаў аб сітуацыі карэнных народаў, якія прайшлі ў рамках 45-й сесіі Рады па правах чалавека.
“У многіх частках свету правы чалавека і фундаментальныя свабоды карэнных народаў надалей парушаюцца, у тым ліку праз неналежны доступ да сістэмы правасуддзя і адукацыі, абяздоленасці, выкліканай войнамі і прыроднымі катаклізмамі, беспадстаўнымі арыштамі лідараў аўтахтонных народаў і парушэннем іх права на тэрытарыяльнае самавызначэнне”, - падкрэсліў ватыканскі дыпламат.
Апостальская Сталіца занепакоена “непрапарцыянальным уздзеяннем” пандэміі каронавіруса на карэнныя народы. Гэтыя людзі складаюць каля 6% насельніцтва планеты і маюць самы высокі ўзровень беднасці, што робіць іх асабліва неабароненымі перад абліччам надзвычайнай эпідэміялагічнай сітуацыі.
Арцыбіскуп Юркавіч нагадаў, што карэнныя народы ахоўваюць каля 80% біяразнастайнасці планеты, робячы значны ўнёсак у абарону глабальнай экалогіі. Для іх “зямля, гэта не тавар, а Божы дар, сакральная прастора з якой трэба ўзаемадзейнічаць” і пра якую трэба клапаціцца. Таму трэба абараняць карэнныя народы ад “экспрапрыяцыі іх тэрыторый і ад эканамічнай эксплуатацыі праз больш моцнае нацыянальнае і міжнароднае заканадаўства”.
Прадстаўнік Святога Пасаду зазначыў, што карэнныя народы – гэта не проста адна з шматлікіх меншасцяў. Яны павінны быць неадкладна “уключаны ва ўсе палітычныя працэсы, якія іх закранаюць непасрэдным чынам”, паколькі падчас пандэміі COVID-19, гэтыя супольнасць часта ігнаравалі і нават забывалі пра іх.
Апостальская Сталіца заклікае “развіваць новыя лады жыцця”, “новыя формы міжнароднай, рэгіянальнай і мясцовай палітыкі, якія будуць па-сапраўднаму ўключаць карэнныя народы і паважаць іх тоеснасць і культуру” дзеля “сапраўднага і цэласнага чалавечага развіцця”, - падкрэсліў арцыбіскуп Іван Юркавіч.