Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Біскупы заклікаюць Еўрасаюз да салідарнасці ў час пандэміі

Камісія Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE) звярнулася да ўстаноў і дзяржаў-членаў Еўрапейскага саюза “ў гэты цяжкі і нявызначаны гістарычны момант, выкліканы пандэміяй COVID-19”.

“Давайце імкнуцца пабудаваць усеагульнае братэрства, якое нікога не выключае”, - гаворыцца ў паведамленні, абнародаваным 18 лістапада 2020 г.

Біскупы спаслаліся на нядаўна апублікаванае пасланне Францішка з нагоды 50-годдзя дыпламатычных адносін Святога Пасаду з Еўрапейскай Супольнасцю і прысутнасці Святога Пасаду ў якасці назіральніка ў Савеце Еўропы. Яны заклікалі да сумесных намаганняў па пераадоленні пандэміі і забеспячэння “сумленнага, справядлівага і арыентаванага на чалавека абнаўлення”.

Іерархі запэўнілі ў прыхільнасці Каталіцкага Касцёла ў Еўрапейскім Саюзе да пабудовы Еўропы з яе асноўнымі каштоўнасцямі “салідарнасці, свабоды, недатыкальнасці чалавечай годнасці, дэмакратыі, вяршэнства закона, роўнасці, абароны і прасоўвання правоў чалавека”, каб еўрапейскі праект прынёс кантыненту мір і росквіт.

“Разам з іншымі братнімі Цэрквамі і супольнасцямі, з членамі іншых рэлігійных традыцый і людзьмі добрай волі Каталіцкі Касцёл у Еўропе імкнецца стварыць усеагульнае братэрства, з якога не выключаны ніхто”, - гаворыцца ў звароце.

“У гэты цяжкі і пакутлівы час Касцёл заклікае ўсіх, уключаючы ўстановы і кіраўніцтва ЕС, дзейнічаць у духу салідарнасці і надзеі, адзінства і дыялогу, даверу і адказнасці. Наша вера заклікае выходзіць за рамкі сябе і ставіцца да іншых, асабліва да тых, хто пакутуе і жыве на задворках грамадства, як да братоў і сясцёр, і быць гатовымі аддаць за іх жыццё”, - напісалі біскупы краін ЕС.
 

18 лістапада 2020, 12:54