Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал пра ролю памяці і дыялогу ў барацьбе з антысемітызмам

Пра важнасць міжрэлігійнага дыялогу, сяброўства і братэрства нагадаў кардынал П’етра Паралін падчас анлайн-сімпозіума аб праблеме антысемітызму, арганізаванага Пасольствам ЗША пры Святы Пасадзе.

Канферэнцыя прайшла 19 лістапада 2020 г. пры ўдзеле прадстаўнікоў хрысціянства і юдаізму: дыпламатаў, экспертаў, палітычных і рэлігійных дзеячаў. Дзяржсакратар Яго Святасці Папы выступіў з заключным словам.

Кардынал Паралін падкрэсліў, што антысемітызм з’яўляецца “адмаўленнем нашых хрысціянскіх каранёў”, таму непрымальны для вызнаўцаў Хрыста. Пашырэнню гэтай з’явы садзейнічае скажэнне такіх фундаментальных паняццяў як дэмакратыя і свабода, а таксама раўнадушша, згуба сэнсу гісторыі і расізм.

Іерарх зачытаў ліст кардынала П’етра Гаспары, Дзяржсакратара ў пантыфікат Бэнэдыкта XV, адносна “недапушчальнасці парушэння натуральных правоў сыноў Ізраэля”. Гэты дакумент, нядаўна знойдзены даследчыкамі, быў адрасаваны Амерыкана-яўрэйскаму камітэту ў сувязі ў пераследам яўрэяў у перыяд Першай сусветнай вайны. Кардынал Гаспары падкрэсліваў, што парушэнні правоў вызнаўцаў юдаізму не адпавядаюць ні прынцыпам справядлівасці, ні прынцыпам самой рэлігіі. Гэты ліст быў высока ацэнены тады яўрэйскай супольнасцю.

Кардынал Паралін звярнуў увагу на важнасць захавання гістарычнай памяці для супрацьдзеяння антысемітызму і пераадолення ганебнай нянавісці. “Памяць – гэта ключ да будучыні, а мы адказныя за яе годную перадачу маладым пакаленням”, - дадаў ён.

Дзяржсакратар назваў неад’емнай прыладай у барацьбе з антысемітызмам міжрэлігійны дыялог і ўсведамленне паўсюднага братэрства, заснаванага на веры ў тое, што ўсе людзі з’яўляюцца дзецьмі адзінага Бога. “Я маю надзею на тое, што, чым больш хрысціяне і юдэі будуць узрастаць у братэрстве, сацыяльным сяброўстве і дыялогу, тым менш будзе існаваць магчымасцей для антысемітызму…”, - падкрэсліў кардынал Паралін.
 

20 лістапада 2020, 10:34