Святы Айцец моліцца за ахвяр гвалту ў Нігерыі
Папа нагадаў свету пра жахі, якія адбываюцца ў Нігерыі. З 2009 г., калі джыхадысты з Бока Харам распачалі сваю злачынную справу, больш за 36 тыс. чалавек былі забітыя і больш за 2 млн пакінулі свае дамы.
“Хачу запэўніць у маёй малітве за Нігерыю, дзе, на жаль, у выніку тэрарыстычнай разні ўсё яшчэ праліваецца кроў”, - сказаў Францішак у канцы агульнай аўдыенцыі 2 снежня 2020 г.
У мінулую суботу ў паўночна-усходнім штаце Борна адбыўся адзін з самых жорсткіх нападаў у гэтым годзе, у выніку якога загінулі 110 вяскоўцаў.
“Няхай Бог прыме іх у сваім супакоі і суцешыць іх сваякоў, а таксама наверне сэрца тых, хто здзяйсняе такія зверствы, якія моцна абражаюць Яго імя”, - сказаў Пантыфік.
02 снежня 2020, 13:07