Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Біскупы просяць Вялікабрытанію ліквідаваць ядзерную зброю

22 студзеня 2021 г. уступае ў сілу Дамова аб забароне ядзернай зброі, узгодненая 4 гады таму 122 краінамі. Біскупы Англіі, Уэльса і Шатландыі заклікалі брытанскі ўрад далучыцца да яе і ліквідаваць ядзерны арсенал.

Іерархі назвалі Дамову, падпісаную 84 краінамі, вяхой на шляху да поўнага ядзернага раззбраення. Яны падкрэслілі, што мір павінен будавацца на шляху дыялогу, а не на пагрозе ўзаемнага знішчэння. Спасылаючыся на выступ Францішка ў ААН, біскупы назвалі ліквідацыю ядзернай зброі “маральным і гуманітарным імператывам”.

Дакумент забараняе падпісантам распрацоўваць, вырабляць, выпрабоўваць, валодаць, выкарыстоўваць або пагражаць выкарыстаннем, захоўваць на сваёй тэрыторыі ядзерную зброю, а таксама аказваць падтрымку ў гэтым іншым дзяржавам. У выпадку далучэння да пагаднення краін, якія маюць ядзерны арсенал, прадугледжаны два варыянты. Яны могуць ліквідаваць арсенал перад далучэннем да пагаднення, або – пасля далучэння да яго – прывесці ядзерную зброю ў небаявы стан і ўзгадніць як мага хутчэй план яе ліквідацыі.

У дакуменце пакуль адсутнічаюць подпісы кіраўнікоў буйных ядзерных дзяржаў, такіх як Расія, ЗША, Кітай, Францыя, Ізраіль, Індыя, Паўночная Карэя і Пакістан. Таксама няма подпісаў прадстаўнікоў Вялікабрытаніі, адсюль і зварот біскупаў.

“Рэсурсы, выдаткаваныя на вытворчасць, тэхнічнае абслугоўванне і мадэрнізацыю зброі масавага знішчэння, павінны быць накіраваны на дапамогу самым бедным і ўразлівым людзям у нашым грамадстве, на агульную карысць усіх дзяржаў”, - гаворыцца ў заяве.

Вялікабрытанія стала трэцяй краінай у свеце пасля ЗША і Савецкага Саюза, дзе распрацавалі і выпрабавалі ядзерную зброю. У цяперашні час яе ядзерны арсенал абмежаваны боегалоўкамі Trident, устаноўленымі на чатырох стратэгічных атамных падводных лодках класа Vanguard, размешчаных у затоцы Фаслайн на захадзе Шатландыі. Адзін з караблёў пастаянна знаходзіцца ў моры, што гарантуе запуск ядзернай ракеты ў любы час. У 2016 г., нягледзячы на супраціў Каталіцкага Касцёла, палітыкі ў Лондане прагаласавалі за мадэрнізацыю флоту падводнымі лодкамі класа Dreadnought, якія паступяць на ўзбраенне ў 2028 г.
 

13 студзеня 2021, 12:25