Біскупы заклікаюць Джо Байдэна да ядзернага раззбраення
Старшыня Камітэта справядлівасці і міру Канферэнцыі Біскупаў ЗША, арцыбіскуп Дэвід Дж. Малой накіраваў афіцыйную просьбу прадоўжыць двухбаковую дамову паміж Масквой і Вашынгтонам і прыняць далейшыя меры па паступовым раззбраенні краін, якія валодаюць зброяй масавага знішчэння гэтага тыпу.
8 красавіка 2010 г. Расія і ЗША падпісалі дамову New START, у якой абавязваліся скараціць свой ядзерны арсенал і ўтрымліваць яго на значна ніжэйшым ад часоў халоднай вайны ўзроўні. Гаворка ішла аб скарачэнні колькасці ядзерных боегаловак прыблізна на 30%. Прайшло 10 гадоў, і 5 лютага 2021 г. дамова завяршае сваё дзеянне. Абедзве краіны яшчэ не праявілі гатоўнасці яе падоўжыць.
Прадстаўнік епіскапату лічыць гэта “прыярытэтным” пытаннем, якое заключаецца ў мінімізацыі рызыкі прымянення ядзернай зброі. Паводле арцыбіскупа Малой, пагадненне трэба разумець як крок да поўнага ядзернага раззбраення ўсіх краін. Іерархія чакае такіх дзеянняў ад новага Прэзідэнта ЗША Джо Байдэна.
З пачатку свайго пантыфікату ў 2013 г. Францішак настойліва рэкамендуе ўсім краінам, якія маюць ядзерную зброю, скараціць гэты тып арсенала. Яго заклік прагучаў асабліва сімвалічна ў 2019 г., падчас падарожжа па Японіі.
Папа пераконвае, што вучэнне Касцёла аб ядзерным раззбраенні рэальна. Не можа быць, каб адна краіна раззброілася, а другая – не, асабліва калі паміж імі існуе палітычная напружанасць. Касцёл аддае перавагу калегіяльнаму і калектыўнаму падыходам, заклікаючы ўсе краіны, якія валодаюць ядзернай зброяй (ЗША, Расію, Вялікабрытанію, Францыю, Кітай, Індыю, Пакістан, Паўночную Карэю, Ізраіль), супольна ўзяць на сябе абавязацельствы па скарачэнні свайго арсенала.