Касцёл заклікае Байдэна зняць санкцыі супраць Сірыі
У сваім лісце іерархі таксама звяртаюцца з просьбай дапамагчы сірыйцам вырашыць гуманітарны крызіс, які пагражае выклікаць новую хвалю дэстабілізацыі на Блізкім Усходзе. Падпісантамі, сярод іншых, сталі сіра-каталіцкі Патрыярх Ігнацы Юсэф III Юнан, мельхіцкі каталіцкі Патрыярх Юсэф Абсі і сіра-якавіцкі праваслаўны Патрыярх Ігнацы Эфрэм II.
Генеральны сакратар Блізкаўсходняй Рады Цэркваў Мішэль Абс, які накіраваў ліст у Вашынгтон, падкрэсліў, што санкцыі, уведзеныя ЗША, парушаюць правы чалавека ў Сірыі і пагаршаюць і без таго трагічную гуманітарную сітуацыю ў краіне, асабліва падчас пандэміі. Каронавірус хутка распаўсюджваецца, паколькі мясцовая сістэма аховы здароўя была разбурана ваеннымі гадамі і дзеючымі санкцыямі.
Гэтай пазіцыі прытрымліваецца і Алена Доўгань, спецдакладчыца ААН па негатыўным уплыве аднабаковых прымусовых мер на правы чалавека, якая лічыць, што падчас цяперашняга эпідэмічнага крызісу бесчалавечна блакіраваць гандаль і неабходныя інвестыцыі ў функцыянаванне сістэмы аховы здароўя Сірыі.
Яна адзначыла, што ў апошні час паміж гуманітарнымі і праваабарончымі арганізацыямі расце кансэнсус наконт таго, што санкцыі нязначна ўплываюць на палітычны і фінансавы істэблішмент, хоць прыводзяць краіну да гуманітарнай катастрофы. Ад іх наступстваў найбольш пакутуюць самыя бедныя.
Спецдакладчыца ААН падкрэсліла, што яшчэ 10 гадоў таму Сірыя была харчовай базай рэгіёну, а цяпер яна знаходзіцца на мяжы голаду. Ужо ў чэрвені Сусветная харчовая праграма папярэдзіла, што палова сірыйцаў кладзецца спаць галоднымі, а краіна знаходзіцца на мяжы абвалу.