Біскуп Мосэс Чыквэ Біскуп Мосэс Чыквэ  

Нігерыйскі біскуп на свабодзе: Папа патрабаваў вызвалення

Дапаможны біскуп архідыяцэзіі Оўэры ў Нігерыі Мосэс Чыквэ і яго кіроўца Ндубуісі Роберт былі вызвалены выкрадальнікамі, паведамілі касцёльныя ўлады ў сацыяльных сетках.

Было адзначана, што ні іерарх, ні яго кіроўца не панеслі шкоды. Выкрадальнікі не патрабавалі выкупу.

Францішак у Новы год звярнуўся з патрабаваннем вызваліць закладнікаў. “Молім Пана, каб усе ахвяры такога роду дзеянняў у Нігерыі бяспечна выйшлі на свабоду і каб гэтая дарагая краіна вярнула сабе бяспеку, мір і згоду”, - сказаў Папа 1 студзеня 2021 г. пасля малітвы “Анёл Панскі”.

Біскуп Чыквэ быў выкрадзены невядомымі 27 снежня 2020 г. у Оўэры, сталіцы штата Іма на паўднёвым усходзе Нігерыі. Епіскапат Нігерыі таксама звярнуўся з заклікам аб вызваленні і бяспечным вяртанні выкрадзенага іерарха. За гэта таксама маліліся католікі ў паўднёвай Каліфорніі ў ЗША, дзе ён служыў некалькі гадоў, працуючы над дактаратам.

Выкраданне 54-гадовага іерарха – апошні з шэрагу актаў гвалту супраць духавенства ў Нігерыі. Раней выкрадалі святароў і семінарыстаў. Інцыдэнт з біскупам адбыўся ўпершыню.
 

02 студзеня 2021, 10:51