Open Doors: пандэмія пашырыла дыскрымінацыю хрысціян
У цэлым больш за 340 млн паслядоўнікаў Хрыста, прыблізна кожны восьмы, сутыкнуліся з жорсткімі пераследам і дыскрымінацыяй, - паведамілі праваабаронцы.
У Нігерыі і краінах Афрыкі на поўдзень ад Сахары колькасць забітых хрысціян у 2020 г. вырасла на 60% у параўнанні з папярэднім годам. Спіс краін з найбольш экстрэмальным пераследам на працягу многіх гадоў застаецца нязменным. Вядучыя месцы займаюць Паўночная Карэя, Афганістан, Самалі, Лівія і Пакістан.
Таксама было адзначана, што пандэмія COVID-19 стала падставай для ўвядзення новых абмежаванняў рэлігійнай свабоды. Вырасла актыўнасць фундаменталісцкіх і злачынных груп. Сусветны эпідэмічны крызіс стаў дадатковым каталізатарам агрэсіўнага і прыгнятальнага стаўлення, часта схаванага.
“Несумненна, абмежаванні, уведзеныя асобнымі краінамі для стрымлівання пандэміі COVID-19, абвастрылі і пагоршылі і без таго складанае сацыяльнае, культурнае і эканамічнае становішча многіх хрысціянскіх меншасцей. Безумоўна, COVID-19 з'яўляецца адным з ключоў нашага аналізу пераследу і дыскрымінацыі хрысціян у 2020 годзе”, - падкрэсліў Крысціян Нані, дырэктар італьянскага аддзялення Open Doors.
Эксперт звярнуў увагу на тое, што “у сетцы размеркавання дапамогі, прапанаванай у многіх краінах для забеспячэння санітарыі і харчавання, была заўважана вельмі моцная дыскрымінацыя хрысціян. Мы атрымалі шмат паведамленняў аб тым, што хрысціяне часта былі апошнімі ў чарзе, менавіта з прычыны сваёй веры, часам дапамога для іх была недастатковай або адсутнічала”. Нані назваў гэта паказальным для сітуацыі хрысціян у час пандэміі ў мінулым годзе.