Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік заклікаў спыніць канфлікт у ЦАР

Святы Айцец заклікаў спыніць канфлікт у Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы. У краіне трывае наступ паўстанцаў, якія выступаюць супраць вынікаў дэмакратычных выбараў.

“З увагай і занепакоенасцю сачу за падзеямі ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, дзе нядаўна прайшлі выбары, на якіх народ выказаў жаданне ісці шляхам міру. Таму я заклікаю ўсе бакі да братэрскага і паважлівага дыялогу, адхілення нянавісці і пазбягання любых форм гвалту”, - сказаў Францішак 6 студзеня 2021 г. пасля “Анёл Панскі”.

19 снежня ў краіне пачаўся наступ паўстанцаў, накіраваны на спыненне працэсу дэмакратызацыі і перашкоду агульным выбарам. Быў захоплены Бангасу. Сярод паўстанцаў ёсць шматлікія найміты і грамадзяне Нігера, паведаміў агенцтву Fides біскуп Хуан Хасэ Агірэ Муньёс, пастыр дыяцэзіі на поўдні ЦАР. Паводле яго, у нядзелю, 3 студзеня, раніцай цяжкая артылерыя пачала абстрэл горада, і даволі хутка бунтаўнікі захапілі яго. “Ёсць як мінімум 30 забітых і параненых”, - сказаў 66-гадовы іспанскі місіянер, дадаўшы, што сярод параненых шмат дзяцей.

Іерарх папрасіў маліцца аб паляпшэнні сітуацыі ў яго дыяцэзіі і краіне. Захоп горада адбыўся напярэдадні абвяшчэння Нацыянальным выбарчым органам першых частковых вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Галасаванне адбылося 27 снежня 2020 г., нягледзячы на тое, што дзве траціны тэрыторыі ЦАР займаюць розныя ўзброеныя групоўкі.
 

07 студзеня 2021, 11:03