Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Дасье Caritas: гуманітарная катастрофа ў Сахелі

Нігер, Малі і Буркіна-Фасо знаходзяцца ў цэнтры сапраўднай гуманітарнай катастрофы. Агульны хаос і канфлікты прывялі да смерці прыблізна 5 тыс. чалавек толькі ў 2020 г., амаль 1,5 мільёна сталі мігрантамі.

“Большасць тэрыторый больш не кантралююцца афіцыйнымі ўладамі, усё ў руках ісламскага апалчэння”, - заявіў 23-гадовы Эдуард, актывіст і дабраахвотнік дабрачыннай арганізацыі ў Бамако, сталіцы Малі.

Яго сведчанне ўтрымлівае апошняе дасье італьянскай Caritas, прысвечанае крызісу ў Сахелі – рэгіёне, які ў апошнія гады быў спустошаны экстрэмізмам, зменамі клімату і барацьбой за прыродныя рэсурсы. Адсутнасць харчовай бяспекі адчуваюць 3,7 мільёна чалавек.

Справаздача шырока апісвае сітуацыю, якая склалася ў рэгіёне Сахель, на падставе фактаў і аналізу, падкрэсліваючы, што значная частка канфліктаў бярэ свой пачатак у барацьбе за самы каштоўны прыродны рэсурс рэгіёна – зямлю.

“Экалагічны крызіс ператварыўся ў харчовы крызіс, а потым у сацыяльна-эканамічны, этнічна-рэлігійны і, нарэшце, гуманітарны, правакуючы сур’ёзную форму дэградацыі чалавека”, - падкрэсліў айцец Маўра Арманіна, місіянер Таварыства афрыканскіх місій з Нігера.

Ахвяры тэрактаў – сотні тысяч сем'яў – кідаюць свае дамы на велізарных тэрыторыях, якія не кантралююць афіцыйныя ўлады. Гуманітарны крызіс, адсутнасць эфектыўнага ўмяшання дзяржаў стварае прастору для дзейнасці джыхадыстаў. Яны тэрарызуюць мірных жыхароў, забіваюць, абкладаюць падаткамі і данінай.

Італьянская Caritas працуе ў Буркіна-Фасо больш за дзесяць гадоў у супрацоўніцтве з Ocades-Caritas Буркіна-Фасо. У апошнія гады асноўная ўвага была нададзена харчовай дапамозе перамешчаным асобам, а таксама развіццю абяздоленых супольнасцей і справе міру.
 

05 лютага 2021, 11:36