Папа ўдзячны ўладам Калумбіі за ўвагу да мігрантаў з Венесуэлы
Святы Айцец падкрэсліў, што дакумент будзе спрыяць прыняццю, абароне і інтэграцыі мігрантаў. Ён заўважыў таксама, што Калумбія не з’яўляецца багатай краінай, але мае праблемы ў сферы развіцця, беднасці і міру, пасля амаль 70 гадоў грамадзянскага канфлікту.
“Нягледзячы на гэтыя праблемы яна мела адвагу паглядзець на гэтых мігрантаў і распрацаваць Статут. Дзякую Калумбіі!”, - сказаў Папа.
Дакумент, прыняты калумбійскімі ўладамі, прадугледжвае інтэграцыю і забеспячэнне працай каля 1,7 млн мігрантаў з Венесуэлы. Да яго распрацоўкі заклікалі таксама калумбійскія біскупы.
Паводле Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў, з 2015 г. Венесуэлу пакінулі 3,4 млн чалавек. 2,7 млн знайшлі прытулак у суседніх краінах Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейну, пераважная большасць – у Калумбіі.