Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад у ААН: дапамагчы бедным краінам пераадолець пандэмію

Апостальская Сталіца заклапочана ўплывам пандэміі каронавіруса на сітуацыю ў бедных краінах і заклікае міжнародную супольнасць не пакідаць нікога без дапамогі.

3-5 лютага 2021 г. Пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе прыняў удзел у 70-й Выканаўчай сесіі Канферэнцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па гандлі і развіцці (UNCTAD).

Арцыбіскуп Іван Юркавіч заўважыў, што больш за 1 млрд людзей пражывае ў 47-мі краінах, якія сёння характарызуюцца як “менш развітыя”. Іх эканоміка складае менш за 1,3% сусветнага ВУП. Гэтыя краіны маюць вялікія эканамічныя і структурныя цяжкасці, і не могуць адпаведна рэагаваць на крызіс, выкліканы пандэміяй. У 2020 г. паказчыкі іх эканамічнага развіцця былі найгоршымі за апошнія 30 гадоў: назіралася змяншэнне прыбытку, пашырэнне беспрацоўя і дэфіцыт бюджэту. Акрамя таго, у найменш развітых краінах колькасць людзей, якія жывуць у стане крайняй беднасці можа скласці 32 млн або 35,7% насельніцтва, што абмяжуе іх магчымасці ў дасягненні Мэт устойлівага развіцця.

Прадстаўнік Святога Пасаду нагадаў, што развіццё павінна быць не толькі “эканамічным”, але “цэласным чалавечым”, бо часта павышэнню багацця спадарожнічае рост няроўнасці і ўзнікненне новых форм беднасці. Арцыбіскуп заклікаў падтрымаць развіццё “некаторых фундаментальных сфер” менш развітых краін: інфраструктурнай, энергетычнай, навуковай, сферы тэхналогій і інавацый, а таксама прыватнага сектару.

У кантэксце пандэміі неабходна сфармуліраваць як мага больш эфектыўныя палітычныя рашэнні, каб запусціць “працэс структурнай трансфармацыі, якая прывядзе да пашырэння, паглыблення і поўнага выкарыстання вытворчых здольнасцей менш развітых краін”, - заўважыў ватыканскі дыпламат.

Арцыбіскуп падкрэсліў, што дзяржавы, найбольш развітыя з эканамічнага пункту гледжання, могуць паспрыяць “глабальнаму ўстойліваму росту”. Актуальная гандлёвая і фінансавая мадэль падыходзіць не ўсім. Бедным краінам неабходна дапамагчы развіваць уласныя здольнасці з павагай да іх культуры і асаблівасцей сітуацыі.

Ватыканскі дыпламат пажадаў, каб праект аднаўлення эканомікі ў кантэксце пандэміі, прадугледжваў меры па міжнароднай падтрымцы і інтэграцыі менш развітых краін у сусветную эканоміку. Важна не пакінуць ззаду нікога, будуючы агульнае дабро ў духу салідарнасці і братэрства.
 

05 лютага 2021, 09:41