Мітрапаліт Янгона заклікае спыніць насілле ў М’янме
М’янма перажывае хаос пасля ваеннага перавароту ў дзяржаве, які адбыўся 1 лютага 2021 года. Армія ўсё больш брутальна падаўляе прадэмакратычныя пратэсты, у краіне расце колькасць загінулых.
Паводле звестак Таварыства дапамогі палітычным зняволеным, ад пачатку перавароту былі забіты 275 чалавек. Самай малодшай ахвяртай стала сямігадовая дзяўчынка, якую застрэлілі ва ўласным доме прадстаўнікі сілаў бяспекі ў горадзе Мандалай.
Як адзначыў кардынал Бо, такая вялікая колькасць смяротных ахвяраў можа выклікаць памылковае перакананне, што ўзброеная барацьба — гэта найлепшы адказ на рэпрэсіі і насілле. Іерарх заклікаў маладых людзей не адказваць на насілле насіллем. Як падкрэсліў, прадэмакратычны рух у М’янме менавіта дзякуючы свайму мірнаму характару выклікае сусветнае захапленне, пашану і падтрымку.
Яшчэ 24 сакавіка мітрапаліт Янгона апублікаваў заяву, у якой падзякаваў моладзі за яе гістарычны ўнёсак у развіццё краіны. “Ваш рух абапіраецца на дэмакратычных каштоўнасцях, на адсутнасці насілля, ён імкнецца да ўстанаўлення справядлівасці і салідарнасці для ўсіх”, - падкрэсліў тады іерарх і адзначыў, што ўвесь свет з захапленнем назірае за спантаннасцю, крэатыўнасцю, велізарнымі арганізацыйнымі здольнасцямі і неагрэсіўным падыходаму руху.
Кардынал Бо перасцерагае ад узброенай барацьбы з арміяй, што можа прывесці да страты падтрымкі міжнароднай супольнасці.